Падчас сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка заявіў, што Менскія пагадненьні — безальтэрнатыўны плян міру і стабільнасьці ва Ўкраіне.
Паводле БЕЛТА, Парашэнка адзначыў, што ў Менску былі распрацаваныя пагадненьні, якія сталі асновай прынцыпаў урэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны:
«На сёньняшні дзень яны зьяўляюцца безальтэрнатыўным плянам міру і стабільнасьці ва Ўкраіне».
Парашэнка падзякаваў Беларусі за прыкладзеныя міратворчыя намаганьні і выказаў надзею, што канфлікт вырашыцца як найхутчэй.
Размаўляючы з жыхарамі аграгарадка Ляскавічы, Парашэнка сказаў, што Беларусі і Ўкраіне трэба «як вока захоўваць сваё сяброўства».
Ён расказаў пра дамоўленасьці ў сфэры энэргетыкі, пра каардынацыю намаганьняў што да працы на рынках трэціх краін. Акрамя таго, прэзыдэнты дамовіліся пра спрашчэньне ўзаемных паездак грамадзян Беларусі і Ўкраіны.
«Мяжа павінна быць сымбалем дружбы, міру, таварыскіх і партнэрскіх адносін паміж нашымі краінамі», — падкрэсьліў Парашэнка.