Якія тэмы могуць закрануць Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка падчас сёньняшняй сустрэчы, прымеркаванай да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС? Якое месца на перамовах зоймуць пытаньні супраціву расейскай палітычнай экспансіі?
Сваё бачаньне стану беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў на сучасным этапе камэнтуе менскі палітоляг Алесь Лагвінец.
— Апошнім часам беларускі кіраўнік шмат выказваўся на адрас Украіны, абвінавачваў тамтэйшых інструктараў у падрыхтоўцы «майданутых» для забурэньняў у Беларусі. На ваш погляд, ваяўнічая рыторыка не паўплывае на танальнасьць размоваў?
— Я думаю, гэтая частка наогул ня будзе абмяркоўвацца. Той жа Парашэнка цудоўна ўсьведамляе, што Лукашэнка кажа пра «майданутых», лягеры баевікоў і г.д. выключна для ўнутранага спажываньня. Таму ўкраінскаму кіраўніку нічога не застаецца, як успрымаць Лукашэнку такім, якім ён ёсьць. Калі Ўкраіне сёньня выгадна хоць нейкім чынам прыцягнуць Беларусь да супрацоўніцтва, сумесна абыходзіць расейскія абмежаваньні ў гандлі, паспрыяць у зьмяншэньні расейскай прысутнасьці, то ўнутраныя выказваньні Лукашэнкі ня будуць мець вялікага эфэкту.
— Можна прыгадаць, што Лукашэнка гэтак жа крытыкаваў Украіну часоў Аранжавай рэвалюцыі, і гэта не замінала яму сустракацца зь Віктарам Юшчанкам.
— Так, нягледзячы на тое, што Лукашэнка казаў пра першы Майдан, гэта ня стрымлівала Юшчанку, каб выстройваць дачыненьні з Лукашэнкам. Мала таго, пазыцыя Лукашэнкі ў свой час не перашкодзіла Кіеўскаму ўнівэрсытэту прысудзіць яму званьне ганаровага прафэсара. Іншымі словамі, тут ёсьць аб’ектыўная зацікаўленасьць аднаго і другога боку, каб абмяркоўваць прынамсі тыя пытаньні, якія выклікаюць узаемны інтарэс. Таму, думаю, сёньня будзе ісьці размова найперш пра тое, якім чынам супрацоўнічаць, зважаючы на велізарную насьцярожанасьць з боку Расеі што да больш-менш пасьпяховага супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны.
— Значыць, кожнаму новаму кіраўніку Ўкраіны не застаецца нічога, як успрымаць нязьменнага Лукашэнку як дадзенасьць і, зыходзячы з гэтага, прыстасоўвацца да рэаліяў?
— Так, бо сёньня зразумела, што Парашэнку трэба шукаць любыя магчымасьці ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю. І ў гэтым выпадку Лукашэнку ніяк не абыдзеш. Нават каб таго хацеў...
— Спадар Алесь, перад Днём Волі вы былі прэвэнтыўна затрыманыя і зьбітыя. Сёньня Чарнобыльскі шлях. Ці не адчуваеце падвышанай увагі з боку сілавікоў?
— Мне здаецца, што надзвычайнае становішча скончылася. Выглядае, што на сёньняшні дзень ім дастаткова справы «Белага легіёну». Але калі маеш справу зь непрадказальным рэжымам, можна, вядома, заўсёды памыліцца. Як паведамляе прэсавая служба кіраўніка Беларусі, 26 красавіка Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка наведаюць атамную станцыю і разьмешчаныя побач зь ёй аб’екты. Асноўная ўвага будзе ўдзеленая захадам дзеля падтрыманьня на належным узроўні радыяцыйнай бясьпекі, што непасрэдным чынам закранае інтарэсы жыхароў абедзьвюх краінаў. Прэзыдэнты азнаёмяцца з узьвядзеньнем новага ахоўнага збудаваньня і захоўваньнем адпрацаванага ядзернага паліва, ушануюць памяць ліквідатараў і пацярпелых у выніку аварыі.
Потым палітыкі пераедуць у Беларусь, дзе працягнуць размову ў адной з палескіх рэзыдэнцыяў Лукашэнкі. Паведамляецца, што сярод іншага будуць абмеркаваныя пэрспэктывы мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
Тым часам 26 красавіка ў Менску пройдзе традыцыйны Чарнобыльскі шлях, дазволены гарадзкімі ўладамі.