Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як бусла ў сваё гняздо, так цягне і нас на радзіму», — чарнобыльская перасяленка


Марыя Мартыненка — ручнік на крыж сьвёкра
Марыя Мартыненка — ручнік на крыж сьвёкра

Чарнобыльская зона ажывае раз на год — на Радаўніцу, калі беларусы ўшаноўваюць памерлых продкаў. У Гомельскай вобласьці на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка засталося звыш двухсот могілак пры былых вёсках, пакінутых пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Шлягбаўмы падымаюць бяз пропуску

Некалі вялікая вёска Піркі Брагінскага раёну амаль на паўтысячы сем’яў спрэс парасла лесам ды кустоўем. За тры дзесяцігодзьдзі пасьля катастрофы дрэвы вымахалі амаль уровень зь пяціпавярховікамі прылеглага пасёлку Сонечны, не кажучы ўжо пра звычайныя вясковыя хаты. Апошнія зь цяжкасьцю праглядаюцца скрозь зарасьнікі.

Піркаўскія хаты
Піркаўскія хаты

Каля помніку загіблым у вайну салдатам ды партызанам колішняя вуліца раздвойваецца: левая цягнецца ў бок суседніх, таксама выселеных, вёсак Калыбань, Залесьсе, Пасудава, правая — у густы сасоньнік, дзе і месьцяцца піркаўскія могілкі. Прасторныя, парослыя вялікімі лапікамі барвінка, які некаторыя старажытныя народы надзялялі ахоўнымі ўласьцівасьцямі.

У дальнім ад уваходу кутку лясных могілак, аточаных драўляным плотам, шчыруюць дзьве пары — двое старэйшых і двое маладзейшых. Зграбаюць нацярушаную ігліцу з надмагільных грудкоў, мяняюць пабляклыя ад дажджу і сьнегу ручнікі на крыжах. А яшчэ пакідаюць на сподачках велікодны сьняданак для памерлых — фарбаваныя яйкі, кавалачак пірага, цукерачку. Радаўніца — гэта Вялікдзень для памерлых.

«Тут мае бацька і маці пахаваныя, — распавядае ўраджэнец Пірак, 67-гадовы Васіль Мартыненка. — Прыехаў з жонкаю, дачкой і зяцем. Прыбяром, перакусім і паедзем у Камарын. Там таксама сваякі пахаваныя».

Васіль станоўча адклікаецца на рашэньне Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы МНС пра наведваньне на Радаўніцу могілак у адселенай зоне без адмысловага пропуску.

«Ня трэба ногі біць, афармляючы патрэбны дазвол. Шлягбаўмы на КПП падымаюць і бяз пропуску», — кажа мужчына.

Да траўня 1986 году Васіль Мартыненка жыў і працаваў у Калыбані — брыгадзірам, трактарыстам. Напрасткі каля трох дзясяткаў кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС. Пра аварыю вяскоўцы дазналіся ад свайго калгаснага кіраўніка. Але спраўна працавалі да 1 траўня — сеялі яравыя, садзілі бульбу.

«Адсяляць нас пачалі ўжо пасьля першатравеньскага сьвята, — згадвае вясковец. — Перавезьлі спачатку ў вёску Мікулічы — гэта на поўнач ад Брагіну. Там мы былі да верасьня. Зь Мікуліч усё лета вазілі ў Калыбань нарыхтоўваць сена, сілас. І калі ўжо дзецям трэба было ў школу, то прапанавалі ехаць у Валосавічы Акцябарскага раёну — там пабудавалі дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў. З Валосавіч мы і прыехалі цяпер у Піркі ўшанаваць памяць бацькоў».

Марыя, жонка Васіля, ня стрымлівае сьлёзы:

«Як бусла ў сваё гняздо, так і нас цягне на радзіму. Мы зь цяжкасьцю зьяжджалі адсюль, зь цяжкасьцю прывыкалі на новым месцы. І, шчыра кажу, так і не прывыклі. І колькі будзем яшчэ жыць, будзем сюды прыяжджаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG