«Выказаўшыся за канстытуцыйную рэформу, турэцкі народ падтрымаў намаганьні дзейнай улады, накіраваныя на дасягненьне эканамічнага росту, палітычнай стабільнасьці і міру ў дзяржаве. Перакананы, што прынятае на рэфэрэндуме рашэньне будзе спрыяць далейшаму ўмацаваньню сувэрэнітэту і незалежнасьці Турэччыны», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі.
Паводле афіцыйных зьвестак, большасьць грамадзян Турэцкай Рэспублікі падтрымалі папраўкі ў Канстытуцыю, дзякуючы якім парлямэнцкая рэспубліка становіцца прэзыдэнцкай. «За» выказаліся 51,35%, «супраць» — больш як 48,65%. Турэцкая апазыцыя будзе аспрэчваць вынікі рэфэрэндуму.
Эрдаган цяпер сам будзе прызначаць віцэ-прэм’ераў (пасада прэм’ер-міністра будзе ліквідаваная), судзьдзяў Канстытуцыйнага суду і чальцоў Вярхоўнай рады, судзьдзяў і пракурораў, распускаць парлямэнт, а таксама ўводзіць надзвычайнае становішча. Акрамя таго, Эрдаган зможа заставацца ва ўладзе да 2029 году. Пасьля цяперашняга рэфэрэндуму Эрдаган хоча вярнуць сьмяротнае пакараньне.
У Беларусі ўжо праводзіліся тры рэфэрэндумы, якія мянялі Канстытуцыю і пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
У першым, што прайшоў у 1995 годзе, Лукашэнка атрымаў права распускаць Вярхоўны Савет (парлямэнт) «у выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі», расейскай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай, былі замененыя дзяржаўны герб і сьцяг Беларусі на сымбалі БССР зь нязначнымі мадыфікацыямі.
Па выніках рэфэрэндуму-1996 быў прыняты новы варыянт Канстытуцыі са зьменамі, прапанаванымі Лукашэнкам: парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка стала прэзыдэнцкай. Таксама Днём Незалежнасьці быў названы дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх войскаў у Другой усясьветнай вайне. Пасьля правядзеньня рэфэрэндуму Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет, набраўшы са сваіх прыхільнікаў Нацыянальны сход з Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў (Эўропа і ЗША не прызналі яго легітымным парлямэнтам).
У 2004-м на рэфэрэндум было вынесенае пытаньне аб дазволе Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў. Па выніках таго рэфэрэндуму абмежаваньне на два тэрміны прэзыдэнцтва было скасаванае.
Ва ўсіх трох рэфэрэндумах адзначаліся парушэньні — як у працэсе галасаваньня і падліку галасоў, так і ў характары пытаньняў і абавязковасьці вынікаў. Так, закон пра рэфэрэндумы не дапускаў вынясеньня на рэфэрэндум-1995 пытаньняў нацыянальна-гістарычнай ідэнтычнасьці, а калі дэпутаты Вярхоўнага Савету абвясьцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму, іх гвалтоўна выгналі з залі.
Напярэдадні рэфэрэндуму-1996 Лукашэнка супраць тагачасных законаў замяніў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара на Лідзію Ярмошыну, вынікі абвяшчаў непаўнамоцны склад ЦВК. Прыняць новую Канстытуцыю па выніках рэфэрэндуму-1996 мусіў Вярхоўны Савет, рэфэрэндум насіў кансультатыўны характар, але насуперак закону, рашэньням ВС і Канстытуцыйнага Суду Лукашэнка надаў вынікам рэфэрэндуму абавязковы характар.