Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледнікі прадставяць вынікі двухгадовай працы, прысьвечанай сынагогам у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Сынагога ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Сынагога ў Горадні

340 старонак тэксту, архіўных матэрыялаў і актуальных здымкаў. Неўзабаве ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя першага нумару бюлетэню «Маніторынг гістарычнай прасторы». Адна з дасьледчыц, Ірына Лаўроўская, у інтэрвію Свабодзе кажа, што праца атрымалася сапраўды маштабная:

Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

— Праца, якую мы зрабілі — гэта праект, што фінансаваўся каралеўствам Нідэрляндаў для Эўрапейскага інстытуту гораду. Гэта такая фундацыя, якая знаходзіцца ў Варшаве, і беларускія навукоўцы, дасьледнікі супольна рэалізоўвалі гэтую праграму. У праекце вылучаныя дзьве галоўныя часткі: адна — гэта высьветліць сучасны стан нашых гістарычных аб’ектаў. У гэтым кірунку мы не падзяляем помнікі паводле таго, унесеныя яны ў сьпіс помнікаў гісторыі і культуры ці не, але гаворым пра ўвогуле культурніцкую прастору ў краіне. А другой часткай стала дасьледаваньне сынагогаў у Беларусі. У бюлетэні матэрыялы польскіх дасьледнікаў, з Ізраілю, недаступныя для беларускіх навукоўцаў. А таксама новыя зьвесткі, у тым ліку і фотаматэрыялы, што былі сабраныя намі падчас экспэдыцыяў. Таму мы вырашылі, што сабраныя матэрыялы проста неабходна апублікаваць і паставіць на паліцы ў бібліятэкі. Так і ўзьнікла задумка стварыць бюлетэнь. Гэтае выданьне ня будзе выходзіць рэгулярна, але па меры назапашваньня матэрыялу, па меры неабходнасьці. Прэзэнтацыя адбудзецца 19 красавіка. Адзначу таксама, што ўсе сабраныя намі матэрыялы будуць унесеныя і ў публічную базу дадзеных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Доступ да гэтай базы будзе ў кожнага, хто цікавіцца гісторыяй.

— Чаму менавіта сынагогі сталі прадметам дасьледаваньня і галоўнай тэмай першага выпуску бюлетэню?

— Напачатку мы палічылі, што іх у нас засталося зусім мала, і менавіта гэтыя будынкі патрабуюць у большай ступені клопату. Бо колькасьць носьбітаў габрэйскай культуры ў нашай краіне істотна зьменшылася. У выніку значная колькасьць сынагогаў стаяць зусім безь ніякай апекі. Таму такія ў нас былі намеры.

— Вы адзначылі, што спачатку лічылі колькасьць сынагогаў нязначнай. Ці нешта зьмянілася падчас дасьледаваньня?

— Так, сапраўды. Мы лічылі, што колькасьць матэрыялу, які зьбяром, будзе невялікай. Але празь некаторы час да нас трапілі дакумэнты Вольгі Кукуні. Яна захоўвала матэрыялы інвэнтарызацыі гістарычных аб’ектаў, што была праведзеная ў 1945-1949 гадах. Частка дакумэнтаў была прысьвечаная менавіта сынагогам. І архіў стаў для нас даступным. Калі мы пачалі зь ім працаваць, то ў выніку ў нас апынулася вялікая колькасьць гістарычных сьведчаньняў, фотаздымкаў. Я як дасьледчыца зь Берасьця вырашыла займацца ў тым ліку і спадчынай у горадзе над Бугам. Дык вось, уявіце сабе, што падчас збору матэрыялаў знайшла зьвесткі пра 78 сынагогаў толькі ў самім горадзе. У сувязі з гэтым была зробленая інтэрактыўная мапа, на якой пазначаныя ўсе гэтыя месцы, дзе былі сынагогі ці малітоўныя дамы.

— Я можна ацаніць сёньняшні стан гэтых гістарычных пабудоў?

— Скажу так, што заклапочанасьць выклікае ня толькі стан сынагагаў, але і наагул усёй нашай гістарычнай спадчыны. Ёсьць асобныя добрыя прыклады, як у Пінску, дзе паволі габрэйская грамада аднаўляе сваю маёмасьць. Таксама ў Міры ёсьць інтэнцыі на захаваньне і аднаўленьне. Але ў той жа час трэба прызнаць, што мы амаль ня ведаем гісторыка-культурнага ляндшафту нашай краіны. Гэтыя веды вельмі павярхоўныя. Мы ведаем толькі пра галоўныя сынагогі. Таму ў бюлетэні будуць архіўныя матэрыялы ня ўсіх, праўда, але большай часткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG