Мяжу Літвы з боку Беларусі перасеклі ўзброеныя людзі ў цывільным і ў форме без апазнавальных знакаў, захапілі камісарыят у райцэнтры і абвясьцілі аб стварэньні Салечніцкай народнай рэспублікі. Вучэньні з такім сцэнарам аказаліся поўнай нечаканасьцю для паліцыі і спэцслужбаў Літвы.
Вокамгненнае ўварваньне, кідок празь лес, падзел на дзьве групы. Адна група дывэрсантаў павінна захапіць паліцэйскі ўчастак у памежным зь Беларусьсю мястэчку Салечнікі (Шальчынінкай). Гэта паўднёвы ўсход Літвы, ад яго да сталіцы Вільні — усяго шэсьцьдзесят кілямэтраў. Мэта іншай групы — памежная застава. Каб дапамагчы ім ажыцьцявіць гэтыя пляны, ва ўсім раёне раптоўна зьнікае радыёсувязь.
Дывэрсанты прыбылі ў Літву з варожай выдуманай краіны Удзія. Гэта відавочны намёк на Беларусь, якую ў Літве часта, нават у тапаграфічных назвах, называюць Гудзія.
Раптоўныя вучэньні ў памежным раёне Літвы павінны былі прадэманстраваць, што краіна гатова адбіць атаку «зялёных чалавечкаў» паводле крымскага сцэнару. Аб «дывэрсіі» ведалі толькі вышэйшыя службовыя асобы, шараговых паліцыянтаў і памежнікаў папярэдзілі толькі пасьля таго, як «дывэрсанты» ужо праніклі на тэрыторыю Літвы — дый гэта толькі таму, каб праваахоўнікі выпадкова не ўжылі баявую зброю.
Вынікі апэрацыі кіраўніцтва памежнай службы і паліцыі Літвы не парадавалі. Адна з групаў амаль безь перашкодаў з боку праваахоўных органаў заняла паліцэйскі пастарунак у Салечніках. 10 паліцыянтаў былі «забітыя», яшчэ столькі — узятыя ў «палон». Не прайшло і сутак, як дывэрсанты змаглі голасна абвясьціць аб стварэньні незалежнай ад Літвы Салечніцкай народнай рэспублікі.
«Зь Вільні павінна было прыбыць падмацаваньне і антытэрарыстычны атрад. Рыхтуюцца альбо да перамоваў, альбо да штурму. Але раптам вучэньні спыняюць. Прычына — нездавальняючая праца праваахоўных органаў. Сапраўдныя „зялёныя чалавечкі“ ужо дасягнулі б усіх сваіх мэтаў», — тлумачыць «верхавод сэпаратыстаў».
«Афіцэры не былі падрыхтаваныя належным чынам. Ці не ацанілі сытуацыю. Выкарыстоўвалі неадпаведныя бронекамізэлькі, неадпаведную зброю. І сама тактыка праваахоўных органаў была неадпаведнай, — прызнаў міністар унутраных справаў Літвы Эймуціс Місюнас. — Напрыклад я, як міністар, не атрымаў інфармацыю апэратыўна».
Паліцыя паспрабавала абараніць гонар мундзіру, але асаблівага посьпеху ў гэтым не дасягнула:
«Я не лічу, што паліцыя была не гатовая. Мы праверылі сябе і ведаем, якія памылкі робім. І цяпер будзем ведаць, дзе іх выпраўляць», — пракамэнтаваў няўдалую апэрацыю намесьнік генэральнага камісара паліцыі Літвы Рымантас Бобінас.
Належным чынам не спрацавалі ня толькі сілавыя структуры, якія аказаліся не гатовыя да ўварваньня, але нават грамадзянскі цэнтар адзінай дапамогі 112.
«Зьдзівіла, што ад 112 не было ніякай рэакцыі, — прызнаў кіраўнік МУС Літвы. — Дакладней, як я разумею, адзіны цэнтар дапамогі не атрымаў ад жыхароў інфармацыю, што яны бачаць узброеных людзей, якія разгульваюць па горадзе. Хоць былі мінакі, усё было відаць і з вокнаў грамадзкага транспарту, які праяжджаў міма».
У службе адзінай дапамогі пацьвердзілі, што званкі пра ўзброеных людзей былі, і не адзін. Але на дапамогу ніхто з тых, хто тэлефанаваў, ня клікаў: людзі проста цікавіліся, што адбываецца ў іх горадзе, што за вэрхал. А паколькі ў апэратараў 112 інфармацыі пра вучэньні не было, перадаваць інфармацыю далей яны проста не палічылі патрэбным.
Па выніках няўдалых вучэньняў усе кіраўнікі апэратыўных службаў былі выкліканыя да міністра ўнутраных справаў. Разбор праходзіў за зачыненымі дзьвярыма і, па водгуках, быў вельмі жорсткім. Ну, а нечаканыя вучэньні ўлады Літвы цяпер абяцаюць праводзіць рэгулярна, пакуль дзеяньні паліцыі і службаў дапамогі ў падобных сытуацыях ня будуць даведзеныя да аўтаматызму.