Дэлегацыя паветрана-дэсантных войскаў Расеі прыбыла Берасьце 10 красавіка, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу расейскага Міністэрства абароны.
Вайсковыя экспэрты маюць у час перамоваў удакладніць мэты заплянаваных на другую палову 2017 году вучэньняў «Славянскае братэрства-2017», у якім маюць узяць удзел беларускія, расейскія і сэрбзкія вайскоўцы, у прыватнасьці падразьдзяленьні 76 гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ Расеі, якую Ўкраіна абвінавачвала ва ўдзеле баёў пад Луганскам.
Тым часам расейскія дэсантнікі пры падтрымцы беларускіх вайскоўцаў падчас вучэньняў «зьнішчаюць умоўных тэрарыстаў» у Віцебскай вобласьці.
Вайсковы экспэрт і аглядальнік Аляксандар Алесін звычайна заклікае не турбавацца з нагоды чарговых супольных вучэньняў: маўляў, як правіла, у іх з расейскага боку бярэ ўдзел рота, рэдка батальён, а, каб акупаваць краіну памерам зь Беларусь, патрэбная нават не дывізія, а «хіба ня ўсе паветрана-дэсантныя дывізіі Расейскай Фэдэрацыі».