Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Расеі: Сутыкненьне электрычкі зь цягніком Масква — Берасьце магло адбыцца праз адмову тармазоў


Сутыкненьне пасажырскага цягніка Масква — Берасьце з электрычкай, паводле папярэдніх дадзеных, магло адбыцца праз адмову тармазной сыстэмы, паведаміла ТАСС афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту РФ Сьвятлана Пятрэнка.

«Па выніках першапачатковых сьледчых дзеяньняў, у тым ліку пасьля допытаў машыністаў, вэрсія аб тым, што тэрміновае тармажэньне лякаматыўнай брыгадай электрацягніка ўжытае ў мэтах прадухіленьня наезду на пешахода, не пацьвярджаецца, і было абумоўленае адмовай яго тармазной сыстэмы», — сказала яна.

Паводле Пятрэнкі, дзеля праверкі гэтай вэрсіі сьледзтва канфіскавала дакумэнты аб тэхнічным абслугоўваньні цягніка. Сьледчыя правяраюць усе магчымыя вэрсіі сутыкненьня.

Аварыя адбылася 8 красавіка ў 22.16 на перагоне Філі — Кунцава-1 беларускага кірунку Маскоўскай чыгункі. Прыгарадны цягнік № 6919 Масква — Усава ААТ «Расейскія чыгункі» падчас руху ў адваротны бок сутыкнуўся з пасажырскім цягніком № 3 Масква — Берасьце, які стаяў на перагоне Філі — Кунцава. З рэек сышлі два вагоны электрычкі і сэкцыя лякаматыву пасажырскага цягніка.

Паводле інфармацыі расейскага МНС, усяго ў шпіталі Масквы пасьля сутыкненьня цягнікоў было дастаўлена 13 чалавек, у тым ліку трое грамадзян Беларусі: 30-гадовая Тацяна Вайцюль, 26-гадовая Дыяна Парэнская і 20-гадовы Раман Волазьнеў. Двое беларусаў усё яшчэ застаюцца ў шпіталі ў Маскве.

Цягнік прыбыў у Менск са спазьненьнем на 5 гадзін 40 хвілін. Прыбыцьцё на канцавую станцыю Берасьце таксама чакаецца са спазьненьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG