Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаньне Мытнага кодэксу Беларусьсю адкладзенае прынамсі да саміту ў Бішкеку


Першы ў гэтым годзе саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу пройдзе 14 красавіка ў Бішкеку.

Удзельнікі гэтай сустрэчы мяркуюць вярнуцца і да праблемы Мытнага кодэксу. Беларусь — адзіная з краін ЭАЭС, якая на папярэднім саміце 26 сьнежня мінулага году не падпісала гэты дакумэнт. Тады ў Санкт-Пецярбургу свае подпісы пад Мытным кодэксам паставілі кіраўнікі чатырох зь пяці краін, што ўваходзяць у гэтае інтэграцыйнае аб’яднаньне — Армэнія, Казахстан, Кіргізстан і Расея. А Аляксандар Лукашэнка той саміт праігнараваў. Гэтым дэмаршам, як лічаць экспэрты, ён выказаў сваю незадаволенасьць паводзінамі Расеі, якая ігнаруе інтарэсы іншых краін ЭАЭС.

«Эўразійскі эканамічны саюз, хоць і называцца эканамічным, насамрэч уяўляе сабой палітычны праект Расеі — камэнтуе сытуацыю для Свабоды эканаміст Леў Марголін. — Таму Масква глядзіць на сваіх партнэраў „зьверху“, навязваючы ім тое, што выгадна найперш Расеі. У Крамлі лічаць, што нікуды астатнія ўдзельнікі гэтага саюзу ня дзенуцца.

Леў Маголін
Леў Маголін

Зьявілася інфармацыя, што ўжо і Армэнія незадаволеная Мытным кодэксам. Таму ў Бішкеку, я думаю, нешта ня вельмі істотнае выправяць. Інакш над ЭАЭС павісьне пагроза развалу. Але Расея гэтага любымі сродкамі не дапусьціць».

Ці зьбіраецца Рэспубліка Беларусь падпісаць Мытны кодэкс ЭАЭС? Такое пытаньне сёньня падчас брыфінгу задалі прэсаваму сакратару Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітрыю Мірончыку. Прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ня даў канкрэтнага адказу:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Беларускі бок завяршыў аналіз гэтага дакумэнту. Спадзяюся, што адкрытых пытаньняў да нас пасьля гэтага не застанецца».

Усяго тыдзень таму першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка на сэмінары ў Менску заяўляў, што ў Расейскай Фэдэрацыі выдаюцца заканадаўчыя акты, якія не адпавядаюць міжнародным абавязаньням, прынятым ёю ў рамках як Саюзнай дзяржавы, так і Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Тут вельмі шмат прыкладаў. Зусім нядаўна ўрадам Расейскай Фэдэрацыі накіраваны ў Дзярждуму праект фэдэральнага закону аб унясеньні зьмяненьняў у закон аб мытным рэгуляваньні. Акрамя ўзмацненьня жорсткасьці транзыту санкцыйнай прадукцыі, дадзены законапраект закранае і прамысловую групу тавараў, якія ідуць з краін Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Расеі ў Казахстан, што можа нанесьці істотную шкоду транзытнай прывабнасьці нашай дзяржавы», — сказаў першы намесьнік Уладзімера Макея.

А днямі зьявілася яшчэ адна праблема. Расея блякуе пастаўкі імпартнай тэхнікі, якая прайшла сэртыфікацыю ў Беларусі. Расейская мытня прызнае толькі сэртыфікаты, выдадзеныя ў Расеі. Гэта выклікала скандал у рамках ЭАЭС. Беларусь і Армэнія ўжо накіравалі ў Эўразійскую эканамічную камісію (ЭЭК) запыты наконт неправамерных дзеяньняў расейскіх мытных органаў.

Таму, як лічаць экспэрты, у Бішкеку кіраўнікам пяці краін будзе пра што спрачацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG