Znich — «Чорны сымбаль»
Старажылы беларускай мэтал-сцэны, Znich прадставілі пяты студыйны альбом праз 20 гадоў пасьля дэбютнага, праз 5 гадоў пасьля папярэдняга. У новай плытцы «зьнічы» выкарыстоўваюць значна больш электронных інструмэнтаў, але па-ранейшаму гучаць народныя матывы і брутальны вакал, дуды і электрагітары. Песьня на народныя тэксты толькі адна, але некалькі песень — на вершы Максіма Багдановіча.
The Glitchhh – «Cordyceps»
Фіналісты леташняга «Басовішча» (адбор на сёлетняе, дарэчы, пачаўся), электроншчыкі Тhe Glitchhh прадставілі свой першы паўнафарматны альбом. У кампазыцыях пераважна інструмэнтальнага гурту цяпер часам гучаць ангельская, расейская і беларуская мовы. Пра нейкія жанравыя межы гурт нібы забыў — на плытцы і цяжкі рок, і трып-хоп, і нойз, і драм-н-бас, і гукі кансолі Gameboy.
Антось Звычайны — «Бел.літ. х Змрок»
Ваўкавыскі рэпэр прэзэнтаваў «Альбом для тых, хто не любіў у школе бел. літ.» — так Антось Звычайны называе «Бел.літ. x Змрок», першы рэп-альбом з тэкстамі выключна клясыкаў беларускай паэзіі. З сотні вершаў аўтар абраў сем твораў: на плытку ўвайшлі песьні на словы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Максіма Танка, Анатоля Сыса і Кастуся Езавітава. Атрымалася змрочна, але па-сучаснаму.
Дэбюты і маладыя
Сакавік быў напраўду плённым для маладых выканаўцаў: вартыя ўвагі першыя запісы прадставілі электроньнікі Kvlt, ангельскамоўная бард-сьпявачка Маша Вячорка і ангельскамоўныя рокеры Electric Poets.
Свае другія альбомы выдалі рокерша-цымбалістка Юлія Глебава і псыхадэлічныя віцебскія «Сны опоссума». Другую беларускамоўную песьню запісаў поп-сьпявак Uzari. Чарговы, але не падобны да папярэдніх запіс апублікавалі Boston's Lane, якіх у свой час многія паблыталі з Linkin Park.
Дзень Волі і муры Акрэсьціна
Падзеі ў Беларусі 25-26 сакавіка закранулі і беларускіх музыкаў. У прыватнасьці, берасьцейскія панкі «Дай Дарогу!» прэзэнтавалі песьню, якую назвалі «гімнам Дня Волі» (асьцярожна, нелітаратурная лексыка), а Лявон Вольскі змантаваў кліп на ранейшую «Скончылася шоў» — у абодвух відэа фігуруюць кадры разгону мірнага шэсьця, зьнятыя ў тым ліку карэспандэнтамі Свабоды.
Вязьням турмы на Акрэсьціна зладзілі міні-канцэрт акторы Свабоднага тэатру. Першай ад іх прагучала «Муры», напісаная па-каталянску ў 1968 годзе Люісам Лякам, папулярызаваная празь 10 год у польскамоўнай вэрсіі Яцэкам Качмарскім, а ў 2010 годзе перакладзеная на беларускую Андрэем Хадановічам. Канцэрт атрымаў працяг у сацсетках, дзе карыстальнікі запусьцілі музычны флэшмоб #РазбурыТурмыМуры.
Кліпы, краўдфандынг і карціны
Музыка N.R.M. і «Гарацкіх» Піт Паўлаў запісвае альбом «Зброя. Золата. Кабеты», а таксама плянуе здымаць аднайменны трылер пра беларуска-польскае памежжа і кантрабандыстаў 1930-х гадоў. Для запісу альбому ён зьбірае грошы на Ulej.by, а тым часам прэзэнтуе кліп на адну зь песень альбому, «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».
Грошы на новы альбом таксама зьбірае на Talaka.by славутая «Троіца». Кліпаў з новага альбому «Троіца» не прадставіла, ды некаторыя кампазыцыі ўжо выконвала нажывую. Гурт кажа, што хоча запісаць новую плытку на той жа студыі, дзе пісала папярэднюю «Зімачку».
Затое новыя якасныя кліпы прадставілі маладыя выканаўцы BY CRY, Мікіта і Mission Jupiter (апошнія пераклалі на ангельскую сваю ранейшую «Мы вартыя быць»).
Тым часам свой першы канцэрт у Менску далі яшчэ нядаўна нефармальна забароненыя Brutto Сяргея Міхалка, Naviband прадставілі новую вэрсію песьні для «Эўравізіі», а дзевяць беларускіх рокераў адкрылі выставу сваіх карцінаў. На жаль, свой апошні альбом не пасьпеў прэзэнтаваць адзін зь першых рок-н-рольшчыкаў сьвету — Чак Бэры пакінуў сьвет у сакавіку ва ўзросьце 90 год.