Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мы слухалі ў студзені: рэп-карані Belaroots, лірычная Pauline і гісторыя Naviband. Аўдыё


Свабода згадвае альбомы і песьні беларускіх музыкаў, прэзэнтаваныя ў студзені 2017 году.

Belaroots — «Аднакарэнныя»

Супольны праект беларускіх рэпэраў Angst, Kontra і Zeman паставіў мэту «дасьледаваць беларускія карані». Адзін з трэкаў, у якім сьпеў таксама Зьміцер Вайцюшкевіч, ёсьць гэткім пераасэнсаваньнем гіта «Я нарадзіўся тут»; «Магіла льва» глядзіць у гісторыю Магілёва; «Захад» у агрэсіўнай манэры прэзэнтуе заходнюю частку Беларусі; «Залева» — сталіцу.

«Калі адчуеш, што агонь ужо не сагрэе, калі вада замест праўды намывае толькі глею, калі паветрам дыхаць ты ўжо ня мусіш — памятай, ты быў і застанесься дрэвам Беларусі», — пяецца ў тытульным трэку.

Pauline — «Адчувай»

Лірычны праект сьпявачкі Паўліны Цімохінай на сцэне ўжо два гады, сабраў некалькі ўзнагародаў розных фэстываляў, але толькі ў студзені 2017 году выдаў дэбютны альбом. У яго ўвайшлі і песьні, зь якіх сьпявачка пачынала, і зусім новыя.

«Матэрыял для песень зьбіраўся даволі доўга, і ўсе яны напісаныя ў розны час. Але іх яднае стан, уласьцівы ўсім людзям, і найперш маладым — мэлянхолія, рамантычнасьць, — тлумачыла сьпявачка Свабодзе. — Гэты настрой адчуваецца, праходзіць скразной лініяй праз увесь альбом. Магчыма, камусьці падасца занадта сумна, але, зь іншага боку, гэты сум добры, сьветлы, прыгожы і малады. Прынамсі, мне падаецца так».

Naviband — «Иллюминация»

У дзень фіналу нацыянальнага адбору на «Эўравізію» гурт Naviband прадставіў дзьвюхмоўны альбом «Иллюминацыя», у які ўвайшла ў тым ліку «Гісторыя майго жыцьця» — песьня, зь якой гурт выступіць на сцэне «Эўравізіі» ў Кіеве. Акрамя яе — яшчэ тры песьні па-расейску і тры па-беларску.

«Гісторыя майго жыцьця» стане першай песьняй на беларускай мове, што прагучыць на «Эўравізіі». Яе ўжо спрабуюць сьпяваць па-беларуску за мяжой. Дуэт жа кажа Свабодзе, што прынцыпова хоча засьпяваць на эўрапейскай пляцоўцы менавіта на роднай мове, ды запэўнівае, што мэта і місія — большая за «Эўравізію».

***

Акрамя таго, у студзені прадставілі новыя песьні маладыя праекты «Закон гука», Zanzibar, Bulbingem і іншыя, у аматарскай студыі ў Польшчы запісаў і прадставіў свой альбом праект «Манэтны двор» з Гайнаўкі. Відавочна, у студзені беларусы слухалі і Brutto, і Dzieciuki напярэдадні іхных канцэртаў, якія дазволілі, хоць раней меркавалася, што гурты ў «чорных сьпісах». Слухалі і песьні народнага артыста Аляксандра Ціхановіча, які пайшоў з жыцьця ўначы 28 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG