Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод птушак, выратаваных на Кубані пасьля разьліву мазуты, выжылі менш за 17%


Птушка, якая пацярпела ад забруджваньня Чорнага мора мазутай з расейскіх танкераў, якія пацярпелі крушэньне ў Керчанскім праліве 15 сьнежня 2024 году. 3 студзеня 2025
Птушка, якая пацярпела ад забруджваньня Чорнага мора мазутай з расейскіх танкераў, якія пацярпелі крушэньне ў Керчанскім праліве 15 сьнежня 2024 году. 3 студзеня 2025

Сярод птушак, выратаваных з мазуты, якая выліваецца ў мора з пацярпелых крушэньне ў Чорным моры расейскіх танкераў «Волганефть», выжылі менш за 17%, паведаміў стаўрапольскі цэнтар рэабілітацыі птушак «Пелікан».

З моманту разьліву цэнтар прыняў 1051 птушку. Выжылі толькі 175 асобінаў: 160 знаходзяцца ў вальерах у стабільным стане, яшчэ 15 — у стацыянары пад пільным наглядам. У асноўным гэта птушкі зь першых партыяў.

У апошняй партыі са 188 птушак, якіх прывезьлі ў цэнтар 8 студзеня, выжылі ўжо толькі 5%. У жывёлаў назіраліся пашкоджаньне цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, парушэньне каардынацыі, курчы і дыярэя з крывёй.

«Наш вэтурач-арнітоляг правёў ускрыцьцё некалькіх асобінаў. Вынікі чаканыя: нэкроз страваводу з рэшткамі нафтапрадуктаў, вельмі сумны стан пячонкі і нырак», — паведамілі ў «Пелікане». Супрацоўнікі цэнтру мяркуюць, што птушкі больш за два тыдні ўжывалі атручаную ваду і ежу.

Мазута выліваецца ў мора пасьля крушэньня двух расейскіх танкераў «Волгонефть» у Керчанскім праліве 15 сьнежня — паводле асноўнай вэрсіі, з прычыны шторму. Па факце аварыяў завялі крымінальныя справы, уведзены рэжым надзвычайнй сытуацыі фэдэральнага ўзроўню.

Паводле зьвестак МНС Расеі на 14 студзеня, ратавальнікі і валянтэры сабралі звыш 162 тысяч тон і вывезьлі амаль 39 тысяч тон забруджанага пяску з пляжаў Краснадарскага краю, анэксаваных Расеяй Крыму і Севастопаля. Нафтапрадукты прыбіраюць амаль на 800 кілямэтрах берагавой лініі. У акваторыі Керчанскага праліва сабралі 25 тон нафтазьмяшчальнай вадкасьці. Стан мора і ўзьбярэжжы працягваюць маніторыць на прадмет новых забруджваньняў.

  • Паводле розных зьвестак, з патанулых танкераў вылілася да чатырох тысяч тон мазуты — частка асела на дно. Фактычны аб’ём выцеку можа быць большы, пісала Расейская служба ВВС са спасылкай на Greenpeace. Агулам танкеры перавозілі больш за 9 тысяч тон нафтапрадуктаў.
  • Паводле эколягаў, на пераадоленьне наступстваў разьліву спатрэбіцца каля дзесяці гадоў. Менш чым за месяц ад мазуты загінулі каля 60 дэльфінаў і сотні птушак (паводле некаторых ацэнак, лік ідзе ўжо на дзясяткі тысяч ахвяраў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG