Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП вынесена пісьмовае папярэджаньне за Дзень Волі. «Ёсьць выключна палітычны складнік», — Лябедзька


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Абʼяднаная грамадзянская партыя атрымала пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі за акцыю 25 сакавіка.

Папярэджаньне падпісана міністрам юстыцыі Алегам Сьліжэўскім. У ім гаворыцца, што, паводле інфармацыі з інтэрнэту, прадстаўнік АГП быў у ліку арганізатараў масавай акцыі.

«Арганізатары мерапрыемства заклікалі грамадзян прыняць у ім удзел і агучвалі сцэнар правядзеньня гэтага мерапрыемства. Пры гэтым на момант распаўсюджваньня дадзенай інфармацыі афіцыйнага дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства не было. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь устаноўлена забарона на распаўсюд інфармацыі пра масавае мерапрыемства да атрыманьня дазволу на яго правядзеньне», — гаворыцца ў дакумэнце.

АГП папярэдзілі, што ў выпадку паўторнага парушэньня закону можа быць пастаўлена пытаньне пра ўжываньне іншых мер адказнасьці.

На момант правядзеньня акцыі 25 сакавіка Анатоль Лябедзька адбываў адміністрацыйнае пакараньне ў Маладэчанскім ізалятары.

«Нас ужо складана нечым зьдзівіць, тым больш такім папярэджаньнем. Зразумела, што там няма прававога складніка, ёсьць выключна палітычны. І міністар юстыцыі проста шчоўкае абцасамі і выконвае тое, што яму спушчана зьверху. Гэта рэфлексія на тое, што партыя робіць апошнім часам. Мы ў вельмі цесных камунікацыях зь людзьмі, падчас акцый пратэсту мы вельмі моцна падтрымлівалі людзей, і ў нас ёсьць падтрымка людзей. Таму гэта рэфлексія на гэта. Тым больш што чалавек не ад партыі падаваў заяўку на Дзень Волі, а як фізычная асоба, грамадзянін. І наўпрост заклікаць не было каму, бо я ў гэты час быў за кратамі, двое маіх намесьнікаў, палова рэгіянальных лідэраў. Таму аргумэнт вельмі слабенькі, і думаю, што апошняй кропляй стаў наш удзел у кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі. Гэта такая хваравітая рэфлексія на тое, што партыя робіць апошнім часам і ўнутры краіны, і за межамі», — сказаў Лябедзька карэспандэнту Свабоды.

Паводле Лябедзькі, АГП зьбіраецца абскардзіць папярэджаньне ў Вярхоўным судзе.

Аналягічнае пісьмовае папярэджаньне, таксама за акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску, Міністэрства юстыцыі вынесла Партыі БНФ.

Партыя БНФ ня згодная з папярэджаньнем і будзе абскарджваць яго ў Вярхоўным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG