Беларускі палітоляг і журналіст Андрэй Елісееў знайшоў вялікія супярэчнасьці і нестыкоўкі ў афіцыйных выніках выбараў у Беларусі. Шэраг сваіх артыкулаў-расьсьледаваньняў ён разьмясьціў на новым сайце belsled.org.
У інтэрвію беларускай рэдакцыі Польскага радыё Андрэй Елісееў патлумачыў, што Цэнтарвыбаркам не публікуе падрабязных зьвестак па асобных участках для галасаваньня. У адкрытым доступе ёсьць толькі дадзеныя, якія датычаць цэлых раёнаў і гарадоў. Аднак, кажа дасьледчык, і ў гэтых «прыгладжаных» абагульненых лічбах ёсьць дадзеныя, якія супярэчаць законам статыстыкі й здароваму сэнсу — кажа Андрэй Елісееў.
Адно з расьсьледаваньняў Елісеева тычыцца галасоў выбарцаў, пададзеных «супраць усіх», на прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Пра гэта ў сваім інтэрвію аўтар расьсьледаваньня сказаў: «Калі падлічыць колькасьць галасоў, аддадзеных супраць усіх (а іх трэба падлічваць самастойна, бо ў табліцах іх няма), то акажацца, што Магілёўшчына і Гомельшчына паказваюць анамальныя вынікі. У Магілёўшчыне нібыта толькі 300 чалавек прагаласавалі супраць усіх, хоць у іншых абласьцях супраць усіх кандыдатаў галасавалі дзясяткі тысячаў чалавек. Выходзіць, што ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці і ў такім вялікім горадзе, як Бабруйск, ніхто не прагаласаваў супраць усіх. Больш за тое, у двух раёнах Гомельскай вобласьці гэтая лічба адмоўная! Адмоўная колькасьць людзей прагаласавала „супраць усіх“. Гэта ўвогуле немагчымая сытуацыя!»
Іншыя артыкулы-расьсьледаваньні Андрэя Елісеева, забясьпечаныя табліцамі і мапамі, прысьвечаныя штучнаму завышэньню яўкі Цэнтарвыбаркамам, неймаверным лічбам колькасьці несапраўдных бюлетэняў і іншым аспэктам. Цалкам зь імі можна азнаёміцца тут.
Сёньня інфармацыя пра сайт зьявілася ў шэрагу незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Афіцыйнай рэакцыі ЦВК пакуль няма.
У згаданым інтэрвію для беларускай рэдакцыі Польскага радыё Андрэй Елісееў сказаў:
«Я думаю, калі спадарыня Ярмошына, іншыя сябры Цэнтарвыбаркаму ці акруговых выбарчых камісіяў паглядзяць гэты сайт, ім спатрэбяцца лекі, каб панізіць павышаны крывяны ціск».