Пасьля «хапуноў» 25 сакавіка на Facebook і ў іншых сацсетках зьявіўся хэштэг, а затым і супольнасьць BY_help, дзе зьбіралі зьвесткі пра аштрафаваных і арыштаваных з палітычных матываў, а таксама грашовую дапамогу для іх. Першыя семʼі ўжо атрымалі дапамогу.
На момант публікацыі беларусы, у тым ліку з-за мяжы, сабралі больш за 15 тысяч даляраў, але гэтага ўсё яшчэ мала, кажа Свабодзе праваабаронца Андрэй Стрыжак. Ён заўважае, што «верхняй мяжы», пасьля якой скончыцца збор грошай, пакуль не відаць:
«Няма мяжы дасканаласьці. Невядома, колькі будуць працягвацца рэпрэсіі, цяпер раскручаныя напоўніцу. Невядома, колькі будзе выпісана штрафаў і сутак. Акрамя 35 тысяч даляраў штрафаў, як падлічылі актывісты, ёсьць яшчэ „суткавыя“. Людзі мусяць выплочваць па 11,5 рубля за кожны дзень адміністрацыйнага арышту. Ёсьць яшчэ 26 семʼяў у цяжкім стане: іх бацькі забраныя ў СІЗА КДБ, там адбываюцца сьледчыя дзеяньні, і незразумела, колькі яны будуць па часе. А падчас ператрусаў шмат у якіх семʼяў былі забраныя ўсе наяўныя грошы, што былі ў кватэрах, нібыта на праверку на фальшыўкі».
Выпадак масавага збору грашовай дапамогі ў Беларусі не ўнікальны, кажа Стрыжак:
«Я магу прыгадаць не такія даўнія падзеі. Кампанія дапамогі Ўкраіне, „Гуманітарны маршрут Беларусь-АТА“ ў свой час сабрала больш за 10 тысяч эўра. На іх былі закупленыя тры санітарныя аўтамабілі, якія дагэтуль працуюць на ўсходзе Ўкраіны. Гэта рэанімабіль „Ратаўніца“, санітарны аўтамабіль „Мая“ і машына для перавозкі мэдычных брыгадаў „Зорка“. Можна прыгадаць і 2010 год, калі было затрымана каля 700 чалавек. Тады зьбіралі ня толькі грошы, але і рэчавыя перадачы.
Можна сказаць, што тут беларусы ня горшыя за ўкраінцаў, якія паказалі салідарнасьць, калі пачынаўся Майдан, калі пачалася вайна на Ўсходзе і сытуацыя з Крымам. Мы такія ж самыя людзі, якія могуць адгукацца на чужую бяду, бо яна насамрэч не чужая, нават для дыяспары, якая не жыве ў краіне».
Мо ня варта «фінансаваць рэжым»?
У сацсетках сустракаюцца такія меркаваньні: ня варта плаціць штрафы, выпісаныя з палітычных матываў, каб «не фінансаваць рэжым». Стрыжак знаёмы з такім меркаваньнем, але ня лічыць яго слушным:
«Такое меркаваньне вельмі распаўсюджанае. Але ёсьць вельмі дрэнныя прыклады, калі людзі атрымлівалі штрафы па гэткіх справах, па 23.34, напрыклад (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. — РС), яны не плацілі — і ў іх пачыналіся вялікія праблемы.
Напрыклад, у Юліі Сьцяпанавай — жонкі Алеся Макаева — запазычанасьць па штрафах каля 20 мільёнаў рублёў старымі, апісаная ўся маёмасьць. А гэта сямʼя зь дзіцем, а патрэбныя сямʼі рэчы, як пральная машына, былі забраныя. Што цяпер з гэтым штрафам рабіць, незразумела. Падобная сытуацыя з Вольгай Мікалайчык, у якой цяпер апісаны будынак, у якім яна жыве.
Калі людзі праводзяць паралель, нібы ня плоцяць збор з „дармаедаў“, дык можна не плаціць і штрафы па адміністрацыйных справах — на жаль, гэта ня так. Тут рэпрэсіўны апарат дзяржавы добра адладжаны. Чалавек, які ня будзе плаціць штраф, будзе моцна паражаны ў сваіх правах, у магчымасьці карыстацца сваёй маёмасьцю, выяжджаць за мяжу і яшчэ шмат у чым».
Прыведзеныя Стрыжаком прыклады не адзіныя. Так, у таксіста Леаніда Кулакова канфіскаваны аўтамабіль, таксама аўто канфіскаванае ў Зьмітра Дашкевіча, які, меркавана, знаходзіцца ў СІЗА КДБ, а ў актывісткі Ніны Багінскай патрабуюць вызваліць лецішча, пасьля таго як ужо канфіскавалі нават мікрахвалёўку.
Як зрабіць грашовы перавод на дапамогу затрыманым або каму перадаць грошы асабіста ў Беларусі і за мяжой, па-расейску і па-ангельску апісана тут.