Жывая трансьляцыя на нашай старонцы ў Фэйсбуку:
Пачатак трансьляцыі:
Аўтамабіль быў прыпаркаваны ў двары дома.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала жонка актывіста Наста Дашкевіч.
«Суседзі пастукалі ў дзьверы і сказалі, што ў нас забіраюць машыну. Мы выйшлі і ўбачылі, што машыну спрабуюць узяць на эвакуатар. Зьміцер сеў ў салён, заблякаваўся там і спрабаваў выехаць. Судовыя выканаўцы перакрылі дарогу і не даюць нікуды адʼехаць, выклікалі міліцыю», — сказала Наста.
Яна не змагла назваць суму нявыплачаных штрафаў. Паводле Насты, выканаўцы прыходзілі на мінулым тыдні, каб апісаць маёмасьць, але яна іх не пусьціла ў кватэру.
«Я іх не пусьціла, а напісала пісьмовую адмову. Бо штрафы мы выплачваем, але ня ўсе адразу. І пасьля гэтага яны проста прыйшлі канфіскоўваць машыну».
На момант размовы з карэспандэнтам Свабоды Зьміцер Дашкевіч быў яшчэ ў салёне аўтамабіля. Ён сказаў, што спрабаваў выехаць, але невядомыя людзі, якія не прадстаўляліся і нічога не казалі, кінуліся пад машыну, трэба чакаць ДАІ зь міліцыяй.
«Нейкі чалавек стаіць і кажа, што я нібыта на нагу наехаў. Яны кінуліся на машыну з усіх бакоў», — сказаў Дашкевіч.
Праз некаторы час судовыя выканаўцы забралі аўтамабіль.