На сайце zvarot.by апублікаваны тэкст скаргі, якую накіраваў у Генэральную пракуратуру цэнтар прававой інфармацыі Lawtrend.
Іншым неабыякавым грамадзянам таксама прапанавана адсылаць такую скаргу ў Генпракуратуру. На момант публікацыі гэта зрабілі каля паўтысячы чалавек.
Скардзяцца на наступныя парушэньні:
— Менгарвыканкам парушыў тэрмін адказу на заяўку на правядзеньне шэсьця на Дзень Волі. Адказ на зварот быў дадзены за дзень да акцыі, хоць павінен быць дадзены не пазьней як за 5 дзён. Улады дазволілі мітынг у парку Дружбы народаў, але празь лічаныя гадзіны старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац публічна заявіў, што «любыя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі».
— Больш за 700 чалавек было затрымана супрацоўнікамі МУС, ужывалася грубая фізычная сіла, і яна, пішуць у скарзе, ужывалася несувымерна, бо затрыманыя не аказвалі супраціву. Аўтары скаргі кажуць пра шматлікія фота- і відэаматэрыялы як доказ гэтаму. Каля сотні затрыманых пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.
— Былі затрыманыя больш за 60 праваабаронцаў і актывістаў, якія зьбіраліся назіраць за акцыяй, прычын затрыманьня не патлумачылі.
— Ад 12 сакавіка былі затрыманыя больш як 80 журналістаў пры выкананьні іх абавязкаў. На момант публікацыі за кратамі 8 журналістаў. Адзін зь іх — апэратар «Белсату» Аляксандар Баразенка — абвясьціў галадоўку.
— У дзяржаўных СМІ, пішуць у скарзе, публікавалася недакладная інфармацыя, якая зьневажала годнасьць удзельнікаў мітынгу і прадстаўнікоў грамадзянскіх арганізацый. На паведамленьні дзяржаўных СМІ абразіліся ня толькі ў Беларусі: амбасада Ўкраіны заявіла, што «рэпартаж» каналу «Беларусь-1» абразіў гонар і годнасьць украінцаў. Кіраўнік Белэлерадыёкампаніі называў апазыцыйна настроеных грамадзянаў «тараканамі».