Ён быў затрыманы напярэдадні Дня Волі пяцьцю амапаўцамі ў двары свайго дома, бо нібыта «гучна лаяўся і не зьвяртаў увагі на папярэджаньні з боку міліцыі».
Як паставіліся да былога калегі па міліцэйскай службе ў пастарунку і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна?
Падпільнавалі ў двары 5 амапаўцаў
«Усё здарылася проста ў двары, пасярод белага дня. Фармулёўка нават падабаецца: маўляў, выйшаў з пад’езду і адразу ж пачаў гучна, груба і нецэнзурна лаяцца ў адрас дзейнай улады. На неаднаразовыя заўвагі пяці супрацоўнікаў АМАПу не рэагаваў — так і напісана. Натуральна, ніводнага цывільнага сьведкі; суд нічога не прыняў да ўвагі, хоць істотна адрозьніваліся паказаньні нават гэтых „сьведкаў“. Я разумею, што амапаўцам аб чымсьці складана дамовіцца, бо, пакуль даходзяць да суду, іхныя думкі кудысьці прападаюць. Так што ўсё стандартна: нецэнзурная лаянка, непадпарадкаваньне, нары. Цяжка знайсьці лёгіку, чаму далі 4 сутак, ня болей. Відаць, галоўным было, каб я ня трапіў на акцыю, — і яны свайго дасягнулі. Хоць у маім разуменьні, судзьдзя, які бярэ справы да разгляду і выносіць абсурдныя рашэньні, — чалец усё той жа ўладнай банды. Я, дарэчы, уголас заявіў пра гэта на судзе».
Мікалай Казлоў кажа, што сёньня ж пачынае апратэстоўваць несправядлівы прысуд — найперш дзеля таго, каб «слугі сыстэмы» не падумалі, што іх узгодненыя рашэньні народ праглынае моўчкі.
«Большасьць пэрсаналу на Акрэсьціна — садысты»
Пра ўмовы ў сумнавядомай турме на Акрэсьціна ў Мікалая Казлова выключна нэгатыўныя ацэнкі:
«На Акрэсьціна стаўленьне ня толькі да мяне, да ўсіх прыкладна аднолькавае — сьвінскае. Я там адбываў 5 сутак у 2011 годзе, дык у параўнаньні зь сёньняшнім днём ніякага параўнаньня — да вязьняў ставяцца па-сьвінску. Суцэльнае хамства, спробы абразіць, прынізіць. На ўсе мае заўвагі — нуль рэакцыі, у знак пратэсту давялося адмовіцца ад ежы. Былі спробы стварыць катавальныя ўмовы: праз тое, што я пісаў звароты кіраўніцтву ўстановы, каб яны выконвалі свае абавязкі, на суткі з усёй камэры забралі матрацы. Уласна кажучы, людзі ня спалі, бо ляжаць на нарах немагчыма ў прынцыпе. Наконт усяго гэтага, безумоўна, буду зьвяртацца ў пракуратуру, пісаць скаргі. Яшчэ раз паўтару: там садысты, прычым, што моцна зьдзівіла, іх асноўная маса. Зрэдку трапляюць нармальныя людзі, але ў асноўным усё жахліва».
«Пішу зварот генэральнаму пракурору»
Паколькі дамагчыся забесьпячэньня элемэнтарных умоў непасрэдна на месцы нерэальна, Мікалай Казлоў будзе зьвяртацца ў вышэйшыя інстанцыі і патрабаваць маштабнай рэвізіі гэтай турмы:
«Там ня церпяць ніякіх пытаньняў, ня церпяць ніякіх патрабаваньняў. Хоць пералік іхных службовых абавязкаў вывешаны проста на сьцяне ў кожнай камэры. Нічога гэтага яны не выконваюць, спасылаючыся на нейкія сьмешныя прычыны: дрэннае надвор’е, калі тычыцца прагулкі; няма часу, калі тычыцца мыцьця. Усе гэтыя моманты я сабе занатаваў, пазначыў і адлюструю ў звароце да генэральнага пракурора, хай пачытае. Апроч таго, буду зьвяртацца ў ГУУС Менгарвыканкаму, каб праверылі сваіх супрацоўнікаў на адпаведнасьць пасадзе. Бо якраз той выпадак, калі іх павінен праверыць псыхіятар, бо, як ужо казаў, там відавочныя схільнасьці да садызму».
«Лукашэнка абапіраецца на рэпрэсіўны апарат: гэта ўжо ня ўлада, гэта банда»
Сам Мікалай Казлоў перакананы, што асноўнай прычынай ягонага арышту стала кампанія масавых прэвэнтыўных затрыманьняў перад Днём Волі. Цяпер постфактум ён пераглядае відэакадры жорсткіх затрыманьняў, асабліва ўражаны «парадам» спэцтэхнікі для сілавога разгону дэманстрацыяў:
«Мы ўсе цудоўна разумеем, што на сёньняшні дзень асноўная апора прэзыдэнта — не квітнеючая эканоміка, а рэпрэсіўны апарат. Таму грошы трацяцца не на стварэньне працоўных месцаў, а на ўмацаваньне сілавога блёку. І вось гэтая грозная тэхніка, трэба разумець, скіраваная выключна супраць мірных грамадзянаў. Як на мой погляд, гэта падобна... ды нават не падобна, а магу канстатаваць: гэта ўжо ня ўлада, гэта банда. Бо кіраўніцтва, якое так адстойвае права заставацца ля ўладнага карыта і пры гэтым амаральна ставіцца да ўласных грамадзянаў, апрыёры злачыннае. Гэта ўжо відавочна. І сваім парадам яны дэманструюць найперш тое, што і надалей маюць намер захоўваць тэндэнцыю на прыніжэньне, на бяспраўнае існаваньне народу».
«Лукашэнку няма чым хваліцца, апрача АМАПу»
Мікалай Казлоў зьдзіўлены колькасьцю байцоў, мабілізаваных для разгону дэманстрацыяў і іх экіпіроўкай:
«МУС у нас разьдзьмуты да неверагодных памераў. Зрэшты, яно і зразумела — гэта адзіная надзея Лукашэнкі, іншых тылоў не засталося. І мне здаецца, што львіная доля тых штрафаў, пабораў, скачка цэнаў, усё новых і новых спробаў пашнарыць па кішэнях людзей якраз ідзе на ўтрыманьне гэтай арміі, рэпрэсіўнага апарату, АМАПу. Ніхто, папраўдзе, так і не абверг лічбу ААН пра тое, што ў Беларусі самая вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва — 140 тысяч „штыхоў“. Гэта вялізная колькасьць для невялікай краіны. У мяне была магчымасьць пагаварыць з амапаўцамі, дык я вам скажу: менскі гарнізон АМАПу скарачэньні, пра якія так шмат гаварыў Лукашэнка, ніяк не закранулі. Ён іх трымае акурат для такіх падзеяў. Ён дыктатар, і гэта ягоная асноўная апора. На зайздрасьць іншым „калегам“, у Лукашэнкі добра выдрэсіраваны АМАП, а больш пахваліцца няма чым».