Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы галоўны кантралёр Лукашэнкі: «Тыран сам прысьпешыў свой канец»

абноўлена

Экс-начальнік службы кантролю прэзыдэнта: Я хачу, каб мяне затрымалі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00

Сярод тых, хто сёньня выйшаў на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб выказаць падтрымку з затрыманымі на акцыі 25 Сакавіка, быў Алег Ігнаценка.

У 1990-х ён працаваў поруч з Аляксандрам Лукашэнкам, служыў начальнікам Галоўнага ўпраўленьня службы кантролю ў ягонай адміністрацыі. У размове са Свабодай Алег Ігнаценка ня ўтойваў свайго стаўленьня да колішняга працадаўцы:

«Я, можа, скажу парадаксальную рэч, але ідзе фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, фармаваньне і асэнсаваньне нацыі. І гэта цудоўная рэч. Усё, што мог зрабіць гэты няшчасны чалавек, тыран, ён гэта зрабіў — пачаў аб’ядноўваць людзей супраць сябе. Прынамсі тое, што адбываецца, мяне ўражвае — пачынаецца абуджэньне беларускага народу.

Неўзабаве здарыцца тое, што заклалі ў сваю ідэю стваральнікі БНР 25 сакавіка 1918 году. Адраджэньне будзе, яно непазьбежнае. Я, безумоўна, усьцешаны. Людзі ня хочуць мірыцца зь сёньняшнім рэжымам, таму і пратэстуюць. Іх ганяюць, але яны зноў вяртаюцца. Як ні дзіўна, я ўдзячны гэтаму няшчаснаму чалавеку, які толькі паскорыў гэты працэс, і гэта здорава. Мы бачым неадэкватную рэакцыю ўлады. Бо каб дапусьцілі спакойна выказацца, відаць, на год-два гэта адтэрмінавала б падзеньне дыктатуры. Але тое, што адбываецца, сьведчыць пра адно: народ абудзіўся».

На пытаньне, ці не баіцца ён, што яго затрымаюць ня столькі за такія выказваньні, колькі за сам факт зьяўленьня ў «забароненым месцы», спадар Ігнаценка адказаў нечакана — маўляў, якраз гэтага і дамагаецца:

«Я гэтага хачу, хачу, каб мяне таксама затрымалі. А інакш нельга вызваліцца ад путаў, інакш мы ня будзем вольныя. Таму ня толькі хачу, нават правакую іх на гэта, мне нават прыемна. І цяжкасьцяў у зьняволеньні не баюся: я вэтэран вайны, ліквідатар Чарнобыльскай аварыі. Да таго ж асабіста ведаю гэтую нікчэмнасьць — абсалютна слабое, баязьлівае стварэньне, якое ў страху перад усімі намі. Мы свабодныя людзі, нам ня трэба нічога баяцца, ні ў якім разе не паддавацца на правакацыі. Людзі павінны быць вольныя, гэта самае галоўнае. Мы абавязкова вызвалімся ад гэтай навалы».

Алега Ігнаценку, аднак, не затрымалі, хоць ён быў у гушчы падзей на Кастрычніцкай плошчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG