Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебcку забаранілі мітынг да Дня Канстытуцыі, бо арганізатары ня маюць дамовы з паліклінікай і міліцыяй


Леанід Сьвецік
Леанід Сьвецік

Правааабаронца Леанід Сьвецік падаваў заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну з тым, каб правесьці імпрэзу ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — адмыслова вызначаным месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

У адказ ён атрымаў чарговую забарону, кажа праваабаронца. Як яму адказалі ў Віцебскім гарвыканкаме, для правядзеньня мітынгу Сьвецік мусіў папярэдне заключыць дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з гарадзкой паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і абласной міліцэйскай управай.

«Як паказала практыка апошніх гадоў, толькі камунальнікі згаджаюцца на папярэдняе заключэньне дамову, — сказаў Сьвецік. — Астатнія службы заўжды ўхіляюцца ад выкананьня працэдуры, прадугледжанай рашэньнем гарадзкіх уладаў».

З 2009 году ў Віцебску ніводзін заяўнік зь ліку дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў ня здолеў займець дамовы са згаданымі структурамі. Адпаведна, ніводнай вулічнай акцыі з таго часу дазволена не было.

Тым ня менш, дэмакратычная грамадзкасьць працягвае падаваць заяўкі на вулічныя акцыі. Так, днямі кіраўнікі віцебскіх суполак руху «За свабоду» і Партыі БНФ падалі заяўку на правядзеньне 25 сакавіка шэсьця і мітынгу, прымеркаваных да Дня Волі.

Паводле актывістаў, практыка забаронаў вулічных акцый у Віцебску ня толькі парушае канстытуцыйныя правы гараджан, але й штурхае іх да дзеяньняў, якія міліцыя кваліфікуе потым як парушэньне грамадзкага парадку. Так, пасьля стыхійнага шэсьця віцяблян падчас «Маршу недармаедаў» 26 лютага супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС затрымалі каардынатарку аргкамітэту па стварэньні БХД Тацяну Севярынец і склалі на яе пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG