Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё залежыць ад таго, наколькі моцным будзе пратэст», — абаронцы Курапатаў правялі надзвычайны сход


Павал Севярынец сярод абаронцаў ахоўнай зоны Курапатаў, архіўнае фота
Павал Севярынец сярод абаронцаў ахоўнай зоны Курапатаў, архіўнае фота

Ня менш за 50 чалавек прынялі ўдзел у надзвычайным сходзе побач з будаўнічай пляцоўкай каля мэмарыяльнага комплексу Курапаты.

Актывісты заклікалі зьбірацца на сход пасьля таго, як сёньня ў Адміністрацыі Першамайскага раёну камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў зацьвердзіла дэталёвы плян, у якім канфліктная пляцоўка каля Курапатаў, дзе нядаўна пачалі будаваць бізнэс-цэнтар, застаецца па-за ахоўнай зонай.

У сходзе прынялі ўдзел як актывісты, так і мясцовыя жыхары. Да прысутных зьвярнуліся сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Севярынец прызначыў агульную мабілізацыю на заўтра а 8-й раніцы, каб блякаваць магчымыя спробы аднавіць будаўнічыя працы. Ён таксама адзначыў, што канфлікт вакол Курапатаў можа зацягнуцца на тыдні, таму трэба разьмяркоўваць вахты паміж актывістамі, каб у намётавым лягеры заўсёды было дастаткова абаронцаў. Севярынец выказаў упэўненасьць, што грамадзтва здольнае спыніць будоўлю.

«Усё залежыць ад таго, наколькі моцным і рашучым будзе пратэст. Канчатковае слова будзе за жыхарамі і абаронцамі Курапатаў», — заявіў у сваю чаргу старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Таксама палітыкі заклікалі прыходзіць 3 сакавіка а 18:00 на агульнагарадзкі мітынг.

Кароткачасовы сход скончыўся агульным скандаваньнем «Жыве Беларусь» і «Верым! Можам! Пераможам!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG