Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцам Курапатаў прапанавалі 1 сакавіка сустрэчу ў Менскім гарвыканкаме


Андрэй Шорац
Андрэй Шорац

Абаронцам Курапатаў прапанавалі 1 сакавіка абмеркаваць сытуацыю з будаўніцтвам бізнэс-цэнтра ў Менгарвыканкаме з удзелам старшыні выканкаму Андрэя Шорца і адпаведных спэцыялістаў.

Пра гэта паведаміў БелаПАНу сустаршыня аргкамітэту стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

«Мне паабяцалі, што заўтра, напэўна, у другой палове дня, Шорац арганізуе прыём наконт сытуацыі вакол Курапатаў. Гэта будзе нешта накшталт круглага стала, як мне сказалі. Час сустрэчы будзе вядомы вечарам», — сказаў палітык са спасылкай на размову з прадстаўніком Менгарвыканкаму.

Пры гэтым Севярынец адзначыў, што гэта будзе не раней анансаваны асабісты прыём старшыні Менгарвыканкаму, на які зьбіраліся пайсьці жыхары раёну, дзе будуецца бізнэс-цэнтар, і прадстаўнікі камітэту абароны Курапатаў. «На гэтай сустрэчы будзе разглядацца менавіта сытуацыя з Курапатамі з удзелам спэцыялістаў», — падкрэсьліў ён.

Палітык паведаміў, што абаронцы Курапатаў гатовыя прыняць удзел менавіта ў такой сустрэчы ці круглым стале, на якім будуць прысутнічаць экспэрты, што валодаюць інфармацыяй, бо пытаньне Курапатаў — «гэта не пытаньне асабістага прыёму, а больш высокае». Пяціпавярховы бізнэс-цэнтар з парковачнай зонай і крамай на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаваньні вуліцы Мірашнічэнкі і Менскай кальцавой аўтадарогі ТАА «Белрэканструкцыя» на замову кампаніі «КІПрэканструкцыя». Пакуль будоўля прыпыненая.

Прадстаўнікі грамадзкасьці і мясцовыя жыхары лічаць, што будаўніцтва бізнэс-цэнтру ў гэтым месцы незаконнае, паколькі гэтая зямля была прададзеная на аўкцыёне тады, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца масавага пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты». Акрамя таго, яны адзначаюць, што будаўніцтва аб’екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацьверджаны праект дэталёвага планаваньня гэтай тэрыторыі.

Актыўны пратэст супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру доўжыцца ўжо больш за тыдзень. Абаронцы Курапатаў настойваюць на неадкладным спыненьні будаўніцтва і поўнай адмене праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG