Зь Віцебскам сусьветна вядомага майстра зьвязвае тое, што ў 1919–1922 гадах ён тут жыў і выкладаў у Народнай мастацкай школе. І тут жа, у Віцебску, у 1920-я гады ім было створана мастацкае аб’яднаньне «УНОВИС» («Утвердители НОВого ИСкусства»). Яго ўдзельнікі, мастакі-авангардысты, спрабавалі знайсьці адказ на выклікі новага часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу.
Але «супрэматызм» як мастацкі накірунак, запачаткаваны аўтарам «Чорнага квадрату», — гэта ня проста рознакаляровыя геамэтрычныя фігуры і рыскі, зазначыў на адкрыцьці выставы «CONSTRUCTIO» віцебскі мастак Аляксандар Малей:
«Гэта, па сутнасьці, мастацкае прадказаньне. Можна сьмела казаць пра тое, што Малевіч у 1920-я гады запачаткаваў 3D мастацтва. Ён ствараў у трохмернай прасторы ўжо тады, калі яшчэ не было кампутараў. І ў гэтай прасторы ён імкнуўся ўтрымаць энэргію. А цяпер уявіце — гэты чалавек, пачынальнік супрэматызму, нарадзіўся амаль 140 гадоў таму! Гэта вельмі шмат. І дзе-нідзе ў сьвеце Малевіча ўжо «паклалі на паліцу», «запісалі ў клясыкі» і пачалі забываць... Вось Шагал — так, гэта ўжо клясыка, але Малевіч — гэта сучасьнік, і нават мастак будучыні. 100 гадоў таму ён ужо быў мастаком 21-га стагодзьдзя!"
Аляксандар Малей кіруе віцебскай мастацкай суполкай «Квадрат». Сярод удзельнікаў — тыя, хто працягвае традыцыі знакамітых папярэднікаў, якіх прынята называць «Віцебскай мастацкай школай».
Аднак «Віцебская мастацкая школа» — гэта ня проста склад мастакоў, якія працавалі ў Віцебску, лічыць мастацтвазнаўца Тацяна Катовіч:
«Гэта толькі тыя мастакі, якія ішлі сьледам за Малевічам, за ягонай мастацкім аб’яднаньнем „УНОВИС“. Тыя мастакі, якія ў 1920-я гады былі нонканфармістамі, адрыналі традыцыйнае мастацтва і спавядалі новае. У Расеі гэтая зьява называецца „другім часам авангарда“, або „пэрыядам майстэрняў“. Дарэчы, месца, дзе мы прысутнічаем, — арт-прастора на вуліцы Талстога, 7 — гэта таксама ўвасабленьне майстэрняў. У гэтай залі няма эўрарамонту, сьцены пашарпаныя, рознага колеру, на іх — мастацкія працы... Тут якраз і адчуваецца дух „пэрыяду майстэрняў“, калі палёт думкі мастака нічым не абмежаваны».
Тацяна Катовіч прывяла на адкрыцьцё выставы сваіх студэнтаў. Нехта з хлопцаў і дзяўчат, можа, упершыню ўбачыў сапраўдны пэрформанс, які прадставіла куратар выставы Галіна Васільева. На падлозе была пакладзена выява чорнага квадрату, і мастачка пасыпала яе жвірам — па краях, пакідаючы ў цэнтры пазнавальны відарыс...
На выставе шмат гаварылася пра тое, што Віцебск ня мае права забывацца на сваю мастацкую спадчыну пачатку мінулага стагодзьдзя. Гэтага і не адбываецца: у горадзе ўвесь час увасабляюцца праекты культурна-асьветніцкага накірунку, прысьвечаныя Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, іншым прадстаўнікам мастацкага асяродку, якія праславілі Віцебск на ўвесь сьвет.