Міністэрства культуры Беларусі ня будзе самастойна ініцыяваць мастацкую экспэртызу адзінай у краіне карціны, аўтарства якой, як мяркуецца, належыць Казіміру Малевічу, але адрэагуе, калі такая просьба паступіць ад кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю, дзе праца экспануецца.
Пры канцы мінулага году Свабода расказвала, што ў экспазыцыі Новага замку ў Горадні выстаўленая праца пад назвай «Чалавек з рыдлёўкай», аўтарства якой прыпісваецца заснавальніку супрэматызму ў авангардным мастацтве Казіміру Малевічу.
У запасьніках карціна зьявілася на пачатку 1990-х, калі гарадзенскія памежнікі спынілі спробу незаконнага вывазу за мяжу прадметаў мастацтва. Але за прамінулы час яе сапраўднасьць так і не была даказаная. Ідэнтыфікаваць аўтара не ўдалося нават у год, які рашэньнем ЮНЭСКО абвешчаны Годам Малевіча: у 2015-м споўнілася 80 гадоў ад дня сьмерці мастака і 100 гадоў ад першага экспанаваньня знакамітага «Чорнага квадрата».
2016 год у Беларусі абвешчаны Годам культуры. Ці рэальна давесьці «замарожаную гісторыю» да лягічнага завяршэньня? Тым больш прынцыпова, што ад багатай спадчыны Малевіча, якая адносіцца да беларускага пэрыяду, у самой Беларусі не захавалася ані шматка рукапісу. А тут цэлая карціна!
Намесьнік міністра культуры Васіль Чэрнік у размове з карэспандэнтам Свабоды патлумачыў, што мастацкую экспэртызу павінна ініцыяваць сама музэйная ўстанова. На яго перакананьне, такога кшталту пытаньні цалкам рэальна вырашыць на мясцовым узроўні, і міністэрскае пасярэдніцтва тут не патрэбнае:
«Найперш, да нас такога звароту не было. Калі дзяржаўны музэй зьвернецца, тады мы і будзем рэагаваць. Але спачатку кіраўніцтва павінна прапрацаваць гэтае пытаньне на месцы, разам з гарадзкімі ці нават, хутчэй, абласнымі ўладамі, бо гэта музэй абласнога падпарадкаваньня. А ўжо калі ўзьнікне патрэба выходзіць на рэспубліканскі ўзровень, то, безумоўна, будзем пытаньне разглядаць.
Вядома, тэарэтычна такое магчыма. Я размаўляў з дырэктарам адносна працы, якая прыпісваецца Малевічу, але ён фактычна паўтарыў тое, што ўжо казаў вам. То бок пакуль ніхто нічога ў гэтай справе рабіць ня будзе. Цяпер не да таго, магчыма, вернуцца да пытаньня крыху пазьней. Тым больш карціна знаходзіцца ў музэі, хто яе адтуль забярэ? Ніхто».
Дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка апавёў, што арганізацыя мастацкай экспэртызы прадугледжвае шчыльную супрацу з замежным музэем, у якім захоўваюцца працы Малевіча прыблізна такога ж пэрыяду. Але пры цяперашняй загружанасьці супрацоўнікаў арганізаваць такое праблематычна; да таго ж музэй ня мае на гэта сродкаў.
Пры гэтым, як кажуць прыватным парадкам музэйныя супрацоўнікі, ніхто ня хоча стаць сьведкам сцэны расчараваньня: хоць са знакам пытальніка, але на гэты момант Новы замак валодае адзінай у Беларусі працай Казіміра Малевіча. Калі аўтарства не пацьвердзіцца, гэта не дадасьць вагі музэйнай экспазыцыі.
Марына Загідуліна ў 1990-х была кіраўніцай службы мастацтвазнаўцаў Упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму і згадвае, што невялікую працу, якой потым яны ж самі прысвоілі ўмоўную назву «Чалавек з рыдлёўкай», спынілі пры ператрусе цягніка. Эскіз спачатку прыпісалі «пасьлядоўнікам школы Малевіча», а потым канкрэтызавалі гіпатэтычнае аўтарства.
Размова «на траіх» пра недавызначаны статус «Чалавека з рыдлёўкай» і пэрспэктывы яго легалізацыі:
Загідуліна: «Можа, каб ідэнтыфікавалі, дык яна, як казаў наш гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч, каштавала б больш, чым увесь наш Новы замак...»
Карэспандэнт: «Толькі пад адну гэтую карціну можна браць крэдыты ў банку...»
Кітурка: «Ну і што мне з гэтымі крэдытамі рабіць?..»
Карэспандэнт: «Ня верыце, што аматары Малевіча паедуць глядзець на асобна ўзятую працу?»
Кітурка: «Бог ты мой, ніхто на адну карціну ехаць ня будзе, вы нават не ўяўляеце, наколькі людзі інэртныя. Сапраўды, ёсьць папулярныя карціны, на якія людзі едуць паглядзець, як на „Даму з гарнастаем“ у Кракаў. Але, прабачце, гэта ўсё ж не Леанарда да Вінчы».
Карэспандэнт: «На аўкцыёне „Сотбіс“ супрэматычная кампазыцыя Малевіча пайшла за 60 мільёнаў даляраў...»
Кітурка: «Гэта ўсё роўна не такога ўзроўню праца, бо ў дадзеным выпадку яна ўвогуле эскізнага пляну. Як мастакі называюць — шкіц, накід будучай карціны».
Загідуліна: «Таму адпачатку мы так і пісалі — „школа Малевіча“, а ўжо потым паставілі Малевіча з пытальнікам... Вядома, гэтым трэба займацца, трэба дасьледаваць, бо пытаньні ня зьнятыя».
Кітурка: «Трэба, але я ўжо не кажу, наколькі гэта матэрыяла- і фінансаваёмістая справа. Наша ўстанова такія выдаткі адназначна не пацягне...»
Ня так даўно ў гутарцы з Радыё Свабода дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў сказаў, што ня бачыць перашкодаў на шляху арганізацыі мастацкай экспэртызы спрэчнай карціны. Ён удакладніў, што мае непасрэдныя кантакты з кіраўніцтвам маскоўскай Трацьцякоўскай галерэі, у экспазыцыі якой дастаткова працаў Малевіча пэрыяду 1920-х гадоў. Мала таго, ён перакананы, што маскоўскім экспэртам самім было б цікава паўдзельнічаць у нараджэньні сэнсацыі, калі б аўтарства Малевіча сапраўды ўдалося даказаць. Што, уласна кажучы, у дадзенай сытуацыі найбольш напружвае гарадзенскіх калегаў — пасьля ідэнтыфікацыі «Чалавек з рыдлёўкай» наўрад ці вернецца на старое месца, а, хутчэй за ўсё, зойме ганаровую пазыцыю ў галоўным мастацкім музэі краіны.
За паходжаньне і спадчыну Казіміра Малевіча змагаюцца расейцы, украінцы, палякі. Беларусы, як выглядае, у меншай ступені. Хоць, як сьцьвярджае Ігар Малевіч — прадаўжальнік роду па лініі Казіміравага брата Паўла, аўтар дасьледаваньня «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу», — факты сьведчаць пра яго тутэйшае паходжаньне. Згодна з вэрсіяй дасьледчыка, бацька Казіміра Сьцяпан-Севярын Малевіч быў удзельнікам вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Ратуючы сям’ю ад карных атрадаў Мураўёва-вешальніка, быў вымушаны зьехаць з роднай Капыльшчыны і разам зь іншымі ўцекачамі-літвінамі атабарыўся пад украінскім Канатопам.
Толькі ў Першую ўсясьветную вайну Казімір вяртаецца на зямлю продкаў, служыць у інтэнданцкім палку ля Смаргоні. Ягоныя супрэматычныя працы зь лініі фронту знаходзяць прызнаньне ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Паміж гэтымі гарадамі, зь якімі будзе зьвязанае пазьнейшае жыцьцё Малевіча, паўстае яшчэ адзін беларускі куток — Віцебск. Працуючы ў Народнай мастацкай вучэльні, якую ўзначальваў Марк Шагал, Малевіч засяродзіўся на тэарэтычнай дзейнасьці, з-пад яго пяра выйшла філязофская праца «Супрэматызм. Сьвет як беспрадметнасьць ці вечны спакой». Тут ён ствараў так званыя «архітэктоны» — супрэматычныя архітэктурныя мадэлі, быў натхняльнікам авангарднага аб’яднаньня УНОВИС («Утвердители нового искусства»).
Пры гэтым, як асабліва падкрэсьлівае Ігар Малевіч, нягледзячы на багаты творчы даробак смаргонска-віцебскіх часоў, афіцыйна на тэрыторыі Беларусі не захавалася ніводнай аўтарскай працы майстра, ніводнага радка з рукапісаў. Нявызначаны статус карціны, якая захоўваецца ў Новым замку Горадні, — лішняе пацьверджаньне абыякавага стаўленьня да спадчыны, якая мае ці можа мець беларускія карані.