«З улікам росту колькасьці зваротаў грамадзянаў у пытаньнях рэалізацыі нормаў дэкрэту № 3» з грамадзянамі сустрэнуцца старшыні Менскага гарадзкога савету дэпутатаў і кіраўніца справамі Менгарвыканкаму, а таксама намесьнікі кіраўнікоў справамі адміністрацый раёнаў. Адрасы месцаў прыёмаў і час прыёмаў тут.
За тры-чатыры дні да апошняй даты прыёму «падатку на дармаедаў», напярэдадні менскага «Маршу абураных беларусаў», чыноўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі паехалі ў рэгіёны. У Жодзіне кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава правяла прыём грамадзянаў і адказала на пытаньні Свабоды. Тая сэрыя сустрэч яшчэ не завяршылася: у Гомелі і Буда-Кашалёве яны пройдуць адпаведна 23 і 24 лютага.
На апошні дзень збору «падатку на дармаедаў» грошы сплацілі 54 тысячы беларусаў — каля 11,5% ад тых, каму былі разасланыя «лісты шчасьця». З 20 лютага афіцыйная колькасьць тых, хто сплаціў, павялічылася на 3 тысячы.
Верагодна, ад збору могуць быць вызваленыя каля 15–25% ад тых, каму прыйшлі лісты. Але астатнім «дармаедам», а гэта 300-350 тысяч чалавек, пагражаюць штрафы, зьняволеньне на 15 сутак і прымусовыя работы.
Падатак на дармаедаў: выклік улады і адказ грамадзтва
Пасьля масавых «маршаў недармаедаў», якія прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, дзяржаўныя беларускія тэлеканалы пераконвалі, што «падатак на дармаедаў» бярэцца «не зь беспрацоўных, а зь вельмі працаздольных, актыўных, пасьпяховых людзей».
Свабода ж сабрала 20 гісторый, зьвязаных зь беларускімі «дармаедамі»: некаторыя нават кажуць, што гатовыя адседзець 15 сутак, бо ня хочуць ці ня могуць сплаціць 360 рублёў падатку.