У 2016 годзе ўдзельнікі маршу несьлі партрэт Рамуальда Райса «Бурага», камандзіра антыкамуністычнага падпольля, адказнага за забойства беларусаў на Падляшшы ў ваенны і пасьляваенны час. Беларуская грамадзкасьць у Польшчы рэзка асудзіла гэтую акцыю ў Гайнаўцы, дзе па афіцыйных дадзеных чвэрць насельніцтва — беларусы, а паводле неафіцыйных ацэнак — каля паловы.
Выклятыя жаўнеры
Выклятыя жаўнеры — гэта ўдзельнікі польскага антыкамуністычнага падпольля пасьля ІІ сусьветнай вайны. Некаторыя асяродзьдзі ў Польшчы ўключаюць у «Пантэон выклятых жаўнераў» атрад Рамуальда Райса псэўданім «Буры». Пацыфікацыю ягоным атрадам беларускіх вёсак і праваслаўных беларусаў польскі Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў злачынствам з прыкметамі генацыду.
Сёлета мэр Гайнаўкі не дазволіў праводзіць шэсьце ў гонар «выклятых жаўнераў». Гарадзкая рада сваё рашэньне матывавала тым, што маршрут шэсьця праходзіць каля праваслаўнага сабору сьвятой Тройцы, дзе ў той час будзе адбывацца набажэнства перад пачаткам Вялікага посту.
«Правядзеньне дэманстрацыі можа парушыць урачысты характар гэтага набажэнства» — напісалі ў звароце дэпутаты Гарадзкой рады Гайнаўкі.
Але арганізатары акцыі зьвярнуліся ў суд, які сёньня ануляваў забарону на нядзельнае шэсьце.
«Асоба Бурага ў нашым горадзе зьяўляецца кантравэрсыйнай, адказнай за забойства 79 жыхароў (мірныя людзі: жанчыны, дзеці, мужчыны) наша рэгіёну» — гаворыцца ў заяве Гарадзкой рады.
У мінулым годзе шэсьце адбылося пад лёзунгам «Буры — наш герой». Яго выява ёсьць і на ўлётках, якія запрашаюць наведаць акцыі і сёлета.