Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дамаўляцца не зьбіраецца, яна імкнецца дасягнуць «усяго альбо нічога»


Чаму нарастаюць супярэчнасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях? Ці зьяўляецца гэта сьведчаньнем кардынальна новага фармату адносінаў паміж краінамі, альбо гэта толькі традыцыйныя гандлёвыя войны, якія хутка скончацца прымірэньнем?

Як мяняецца стаўленьне расейскага грамадзтва і палітычнай эліты да Беларусі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Андрэй Паротнікаў і Андрэй Ягораў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Апошнія месяцы беларуска-расейскія дачыненьні разьвіваюцца па нейкай сьпіралі. Бакі чарговы раз ня могуць дамовіцца па газавай спрэчцы, Беларусь заяўляе пра куплю іранскай нафты. Пра што сьведчыць і гэты эпізод і ўвогуле апошняя дынаміка разьвіцьця беларуска-расейскіх дачыненьняў?

Паротнікаў: Безумоўна, гэта сьведчаньне таго, што ўсе непаразуменьне ў беларуска-расейскіх дачыненьнях не пераадоленыя да гэтага моманту. І яны ня будуць пераадоленыя прынамсі, яшчэ вельмі працяглы пэрыяд часу. Больш за тое, яны маюць тэндэнцыю да пагаршэньня, і таму я ня маю аніякага аптымізму наконт бліжэйшых пэрспэктываў гэтых адносінаў.

Ёсьць цэлы шэраг канфліктаў, якія раней не былі прадметам публічнай палітыкі — газавае пытаньне, праблема мяжы. Раней іх спрабавалі вырашыць на ўзроўні галіновых экспэртаў ці міністраў, то цяпер яны выплёскваюцца ў публічную прастору. Гэта сьведчыць, што дынаміка адносінаў нэгатыўная.

Галоўная характарыстыка цяперашняга моманту — гэта гульня нэрваў.

Цыганкоў: Бадай, галоўнае пытаньне ў наступным — ці ня ёсьць цяперашнія канфлікты традыцыйнай спрэчкай, якая заўсёды была? Ці гэта нейкі новы ўзровень, які прыводзіць да карэнных геапалітычных зрухаў? Ягораў: Па-мойму, няма ніякіх прынцыповых адрозьніваньняў цяперашніх канфліктаў ад тых, што былі раней. Усе тыя хады, якія ажыцьцяўляюцца зараз — мелі тыя ці іншыя аналягі ў мінулым. Раней мы ўжо бачылі і аднаўленьне мытнага кантролю, і ўсталяваньне памежнай зоны, і няяўкі Лукашэнкі на саміты, і закупкі нафты ў Азэрбайджане і Вэнэсуэле. І калі мы глядзім на цяперашні канфлікт — то схема яго разварочваньня вельмі падобная на тое, што адбывалася раней.

Галоўная характарыстыка цяперашняга моманту — гэта гульня нэрваў. Справа дайшла да кіраўнікоў дзяржаваў, і цяпер толькі яны могуць вырашыць усе пытаньні. Расейскі бок спрабуе выгандляваць больш ляяльнасьці з беларускага боку, і перамовы працягваюцца.

Цыганкоў: Што з вашых словаў вынікае? Што нічога кардынальнага ў беларуска-расейскі адносінах за апошнія 2 гады не зьмянілася?

Ягораў: Так, прынцыповай зьмены няма. Але ў выніку таго, што ад 2014 году палітыка Расеі становіцца больш экспансіянісцкай, накіраванай на аднаўленьне імпэрыі — мы ня можа ігнараваць гэты кантэкст. Таму ўсё, што цяпер адбываецца ў двухбаковых адносінах, набывае дадатковыя інтэрпрэтацыі. Мы бачым значна большы накал інфармацыйнай вайны, і самі заявы пра «вайну» падаграюць сытуацыю і гуляюць на абвастрэньне канфлікту.

Ёсьць разуменьне, што саступіўшы ў малым, прыйдзецца саступаць і далей.

Паротнікаў: З аднаго боку, сапраўды, зьнешнія праявы канфлікту нам усім добра вядомыя. Але зьмяненьне зьнешняга кантэксту моцна ўплывае на ўнутраныя справы. Калі раней кожны з бакоў імкнуўся дасягнуць нейкага ўзаемапрымальнага выніку, то цяпер такой сытуацыі мы не назіраем з расейскага боку. Бо яны імкнуцца дасягнуць усё альбо нічога. Расея дамаўляцца не зьбіраецца. Прэтэнзіі Масквы беларускім бокам успрымаюцца як прапановы. Але насамрэч гэта ўмовы. У выніку і Беларусь ня можа ісьці на нейкія кампрамісы, бо ёсьць разуменьне, што саступіўшы ў малым, прыйдзецца саступаць і далей.

Навізна ў тым, што ніводзін з бакоў няздольны ц і не гатовы дамаўляцца. І сытуацыя гэтая можа працягнуцца даволі працяглы час. Таксама трэба зазначыць, што мяняецца псыхалягічны фон у расейскіх элітах. Сам факт інтэграцыі з Беларусьсю ўжо не разглядаецца як нейкае дасягненьне, а хутчэй як валізка без ручкі. І я хачу зьвярнуць увагу на прапановы, якія гучаць з Армэніі, — выключыць Беларусь з АДКБ і ЭўразЭС. І ніякай рэакцыі на гэта не было. Менску даюць зразумець, што ягоны статус як галоўнага хаўрусьніка дэвальваваны і чакаць нейкіх асаблівых адносінаў болей не выпадае.

Цыганкоў: За апошнія гады расейская сьвядомасьць сапраўды значна зьмянілася з постсавецкай на ўласна расейскую нацыянальную. Хіба гэта не мяняе і стаўленьне Крамля да пытаньняў інтэграцыі?

Менску даюць зразумець, што ягоны статус як галоўнага хаўрусьніка дэвальваваны

Ягораў: Нельга не пагадзіцца з Андрэем Паротнікавым, што сам Эўразійскі саюз зьмяняе статус Беларусі, якая раней была адзіным саюзьнікам — а зараз толькі адзіны з 5 чальцоў гэтага саюзу. І таму гэта памяншае вагу сымбалічных пагрозаў Беларусі наконт выхаду з гэтых інтэграцыйных аб’яднаньняў, пагражаць гэтым. Але ж агульныя сымпатыі паміж беларусамі і расейцамі на гэты момант зьмяніліся ня значна. Таму я б не сказаў, што чыньнік зьмены масавых настрояў неяк уплывае на палітыку Крамля.

Для Менску, калі не стаіць пытаньня страты сувэрэнітэту — то ўсе астатнія пытаньні зьяўляюцца прадметам гандлю. Ідзе гандаль, і пакуль проста няма дамоўленасьці па коштах.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG