Міжнародная група дасьледчыкаў Bellingcat назвала асобу чалавека, які кантраляваў транспарціроўку пускавой ўстаноўкі ракетнага комплексу «Бук» у Данбас. Паводле Bellingcat, перавозкай «Бука», зь якога ў 2014 годзе на ўсходзе Ўкраіны быў зьбіты малайзійскі «Боінг», займаўся адстаўны расейскі афіцэр Сяргей Дубінскі, вядомы пад мянушкай «Хмурый».
18 ліпеня 2014 году, праз суткі пасьля трагедыі, якая забрала жыцьці 298 чалавек, Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала запіс тэлефоннай размовы, якая адбылася, калі верыць ўкраінскай спэцслужбе, каля 9 гадзін раніцы 17 ліпеня. На запісе, сярод іншага, чуваць галасы двух чалавек, у тытрах названыя іх пазыўныя — «Хмурый» і «Бурят». «Бурят» пытаецца, куды яму «грузіць красуню», якую ён «толькі што прывёз у Данецк». «Хмурый» адказвае: «Гэта тое, пра што я думаю?» — «Так, Бук, Бук» — пацьвярджае яго здагадку «Бурят». Яшчэ праз некалькі хвілін «Хмурны» абмяркоўвае ўжо з іншым суразмоўцам, «Санычам», куды трэба даставіць ракетную ўстаноўку. Атрымаўшы інструкцыі, ён робіць яшчэ адзін званок аднаму з сваіх падначаленых: «Паглядзі па мапе, Першамайскае. Дзесьці ў тым раёне разьмесьцісься. Твая задача — ахова вось гэтай штучкі, якую ты зараз павязеш».
Аўтары расьсьледаваньня робяць выснову: Сяргей Мікалаевіч Дубінскі, ён жа Сяргей Мікалаевіч Пятроўскі, ён жа «Хмурый» — адзін і той жа чалавек, і менавіта ягоны голас чуваць на запісе размоў сэпаратыстаў раніцай у дзень катастрофы «Боінга-777» малайзійскіх авіяліній. Паводле аўтараў расьсьледаваньня, яго копія, якая зьмяшчае ўсе дэталі і спасылкі на крыніцы, будзе ў хуткім часе адпраўлена на адрас Міжнароднай сьледчай групы (JIT). Увосень 2016 году яе прадстаўнікі заявілі, што падаўжаюць расьсьледаваньне катастрофы рэйсу MH17 да 2018 году.
Відэа Міжнароднай сьледчай групы, у якім скарыстаныя фрагмэнты перахопленых СБУ перамоваў сэпаратыстаў у дзень катастрофы "Боінга":
Вайсковаму пэнсіянэру Сяргею Мікалаевічу Дубінскаму 54 гады. Мяркуючы па ўсім, ён пакінуў Данецкую вобласьць у пачатку 2015 года і цяпер жыве разам з сям’ёй у Растоўскай вобласьці Расеі на хутары Вялікі Лог.
Больш інфармацыі пра расьсьледаваньне тут.