На мужчынах апякліся, адмашкі быць не магло. Успомніць генэрала Фралова, нябожчыка, групу «Рэспубліка». Начальства вырашыла: з кабетамі будзе лягчэй. А вось самім ім лёгка наўрад ці будзе.
Праца выглядае сізіфавай. Давайце, таварыш прэзыдэнт, створым нарэшце беларускі ўнівэрсытэт, прапануе адна з дэпутатак, які будзе нацыянальным як мае быць, зь беларускай мовай. І што ў адказ чуе дэпутатка? «Я не магу сказаць „не”. І не магу сказаць „так”».
Калісьці Лех Валэнса праславіўся сваім «естэм “за”, а навэт “пшэців”». Ён і сам потым з усьмешкай успамінаў гэты свой крэатыўны адказ. А тут вось яшчэ штосьці новенькае. Ні за, ні супраць.
А што гэта азначае насамрэч? Што — не. Гэта азначае, што зьменаў ня будзе, што ўсё застанецца як было, як зроблена за час ручнога кіраваньня. Толькі наўпрост не гаворыцца, хто хоча, маўляў, сам зразумее. І пачынаецца «тысяча і адна ноч». А вось каб гэта было запатрабавана… А каб прапрацавана… І каб не фарсілі сваёй беларускай мовай… «Сваёй» беларускай мовай? А хіба ня нашай? Хіба гэта ня мова беларусаў?
І што азначае «фарсіць»? Калі чалавек ня мае шанцаў атрымаць на роднай мове адказ у дзяржаўнай установе, у краме, кавярні, у касе, у ЖЭСе, на пошце, у банку, у цырульні, на вакзале — гэта называецца фарсіць?
Калі ў той палаце, напрыклад, не гучала родная мова, а нехта загаварыў? Гэта — фарсіць?
І такі традыцыйны «крыжык» на праблеме: заклінаю, не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Што гэта значыць? У гэтай рэспубліцы ўсё на рускай мове. У чым сэнс заклінаньняў? Як ад яе адмовіцца, калі яна як патоп затапіла ўвесь абшар? Вось як беларуская ігнаруецца — тлумачыць ня трэба. Гэта — жыцьцё, я ня выдуманая праблема.
Наогул пытаньне мовы, відавочна, вымагае іншага ўзроўню размовы. Наогул узроўню. Ня трэба лунаць як паэты, ясна, але трэба быць трошку філёзафамі, дзяржаўнікамі. Трэба ўзьняцца над натоўпам. Сам народ далей носу ня бачыць. Не прывык выбіраць філёзафаў, гаспадарнікаў падавай. З думкай пра «доктарскую». Да іх прывык.
Таму спрабаваць змагацца за правы мовы, маючы дэпутацкі мандат — рыхтык цягаць славэтны валун на гару. Цяжкая праца, мужчынская. І адмовіцца не выпадае.
Але-але: які можа быць беларускі ўнівэрсытэт, калі няма школы? Апроч паасобных. Хто будзе тады вучыцца ў нацыянальнай альма матэр? Хто? Начальству гэта выдатна вядома.
І таму думка пра дзяржаву, якая робіць яшчэ адзін унівэр, гэтым разам беларускі ня толькі дзякуючы назьве, форме, але таксама зьместу, пачынае здавацца магчымай, але хутчэй тэарэтычна. Нічога ня зробіш. Затое маем саломіну. Заснаваць жа цяпер дазволена нібы хоць прыватнай асобе. І таксама замежнай нейкай арганізацыі. Так, напраўду? Ну, але быў ужо адзін недзяржаўны — ЭГУ. І што? І нехта яшчэ адзін зробіць у Менску, але гэтым разам — нацыянальны «да шпіку косьці»? Дый наогул мы падсьвядома не дазваляем сабе думкі, што больш натуральна і значна прасьцей — калі начальства няхай не адразу, ня росчыркам пяра, але паступова ды няўхільна беларусізуе наяўную альма матэр. Думка не здаецца жыцьцёвай. Таму што нам вядома, што гэтага ня будзе ніколі.
Нічога ня зробіш, успамінаецца міжволі Браніслаў Тарашкевіч. Так-так, выдатны аратар у польскім сойме, змагар за правы беларусаў, за беларушчыну.
Ды вось хоць бы доўгая прамова 9 ліпеня 1924 году. На абмеркаваньні законапраектаў аб мовах. На паперы было, у жыцьці рабілася наадварот. Заявы сотнямі ляжаць пад сукном. Заявы, каб школы беларускія адчынілі новыя. Не даюць польскія ўлады, каб дзеці навучаліся па-беларуску. На што надзея? На «беларускі дом» у БССР… Але чым закончылася — вядома. Такі беларускі лёс.
Тарашкевіч кідае з парлямэнцкай трыбуны: польскія ўлады чатырыста школ беларускіх закрылі! Ну, але ж палякі мелі толькі палову Беларусі. І школкі былі створаныя не пад беларускай уладай, зразумела.
Цяпер жа, пры Шушкевічу, была цэлая Беларусь, цяпер былі створаныя не на энтузіязьме школкі, не самадзейна, беларускай дзяржавай, як мае быць. Было дзе разгуляцца, закрываючы школы беларускія. Каб не фарсілі, выходзіць?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.