Старшыня Лідзкай раённай арганізацыі ТБМ Валеры Мінец заявіў, што, што ад пачатку трансьляцыі (з сакавіка мінулага году) лідзкае «Тваё радыё» амаль не трансьлюе беларускамоўнай музыкі, а этэр ледзь не на 100% складаецца з расейскага шансону і поп-шлягераў.
Кіраўніца лідзкай радыёстанцыі «Тваё радыё» Лідзія Пазьняк адпрэчыла прэтэнзіі да таго, што у этэры іх радыё амаль адсутнічае беларускамоўная музыка.
Мінец піша, што такое стаўленьне да беларускай музычнай культуры не спрыяе яе разьвіцьцю, ён выказвае абурэньне ў тым ліку і таму, што «Тваё радыё» уваходзіць у склад дзяржаўнага Лідзкага тэлерадыёабʼяднаньня.
Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю рэдактара «Тваё радыё» Лідзію Пазьняк, на што тая коратка на расейскай мове адказала:
— Гэта няпраўда, у нас ёсьць беларуская музыка. А калі вы хочаце задаць нейкія пытаньні, то прыяжджайце да нас, мы з вамі пагаворым. А праз тэлефон я ня ведаю, з кім размаўляю.
У Беларусі квоты на 75% беларускай музыкі ў этэры дзейнічаюць больш за 10 гадоў. Яны збольшага выконваюцца. Але якаснай беларускай музыкі бракуе, скардзяцца кіраўнікі камэрцыйных FM-станцыяў.
Валер Мінец сказаў Свабодзе, што рыхтуе адмысловы падарунак у выглядзе некалькіх дыскаў сучасных беларускіх выканаўцаў, якія адпавядаюць фармату радыёстанцыі, з прапановай уключыць беларускую музыку ў плэй-ліст «Твайго радыё».