Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў квоты, якія не выконваюць


Міністэрства інфармацыі не выключае карэктываў у экспэрымэнце, распачатым амаль 5 гадоў таму. На адмысловай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў радыёстанцый упершыню за апошнія гады былі выслуханыя аргумэнты на карысьць зьніжэньня 75-працэнтнай квоты абавязковай прысутнасьці ў эфіры FM-станцый беларускіх выканаўцаў.

Адмыслоўцы наракаюць, што айчынны шоў-бізнэс не выдае музычнай прадукцыі ў такой колькасьці, каб запоўніць 3/4 радыёэфіру. Да таго ж пад азначэньне “беларускай музыкі” ў бальшыні сваёй падпадаюць расейскамоўныя выканаўцы, якія папросту капіююць расейскіх зорак.

Да 75-працэнтнага насычэньня радыёэфіру беларускімі выканаўцамі прыклаў руку непасрэдна Аляксандар Лукашэнка. У лістападзе 2004 году на нарадзе па падрыхтоўцы да “Славянскага базару” ён скрытыкаваў расейскае засільле ў FM-эфіры і загадаў аддаць самы зручны для слухача час мясцовым зоркам. Ад 1 студзеня 2005-га сачыць за выкананьнем прэзыдэнцкага распараджэньня пачало Мінінфармацыі.

Цяпер жа, паводле агенцтва “Інтэрфакс”, магчымае скарачэньне беларускай квоты ў радыёэфіры да 50%. Адказныя за справу чыноўнікі ўжо выслухалі меркаваньні зацікаўленых бакоў, аднак канчатковае рашэньне наконт гэтага яшчэ не прынятае. Пры гэтым у ведамстве згодныя: дзяржаўныя прэфэрэнцыі прывялі да таго, што дзеля насычэньня праграмаў радыёстанцыі мусяць круціць творы слабой якасьці.

Папулярны музыка Піт Паўлаў адкат у дэкляраваных прынцыпах лічыць недапушчальным. На яго думку, спроба разгрузіць эфір ад беларускай прысутнасьці не прывядзе да паляпшэньня якасьці музычнай прадукцыі, а мясцовым артыстам будзе нашмат складаней праціснуцца ва ўрэзаныя гадзіны. Паводле Паўлава, чыноўнікам трэба было б акцэнтавацца на іншым — нарэшце вызначыцца з крытэрыем “беларускай музыкі”:
чыноўнікам трэба акцэнтавацца на іншым — вызначыцца з крытэрыем “беларускай музыкі” ...

“У нас няма дакладнай фармулёўкі, што такое беларуская музыка. Чыноўнікі тлумачаць: маўляў, калі музычны твор прадукаваны ў Беларусі, значыць, гэта і ёсьць беларускае. У выніку мы атрымалі клоны расейскай папсы, але ў нашмат горшай якасьці, бо ўсе клоны ў горшы бок адрозьніваюцца ад арыгіналу. Таму ў гэтым кантэксьце тая мера паўзьдзейнічала супраць беларускай музыкі. На жаль, сапраўдная беларуская музыка як не трапляла ў FМ-эфір, так і ня будзе трапляць. І любое зьмяншэньне квоты толькі пагоршыць сытуацыю. Бо калі будзе зьмяншэньне квоты, то аўтаматычна зьявіцца больш імпартнай музыкі. Думаю, таксама не найлепшага гатунку. Эфір, які напоўніцца нейкімі амэрыканскімі хіп-хопэрамі, будзе папросту дэманстраваць кепскі густ музычных рэдактараў”.

Беларускімі артыстамі лічацца:

  • Алена Сьвірыдава,
  • Анжаліка Агурбаш,
  • Натальля Падольская,
  • Дыяна Арбеніна,
  • Б’янка,
  • Серёга,
  • гурт “Би-2”,
  • “Рефлекс”,
  • “Краски”,
  • Андрэй Макарэвіч

Пасьля пачатку экспэрымэнту Мінінфармацыі ўжо карэктавала свае патрабаваньні што да азначэньня беларускай музыкі. Супольна зь Міністэрствам культуры быў распрацаваны сьпіс аўтараў і выканаўцаў, у які, сярод іншага, увайшлі людзі, якія маюць толькі ўскоснае дачыненьне да справы. У прыватнасьці — артысты, якія ў розны час зьехалі зь Беларусі альбо ў якіх тут нарадзіліся бацькі ці нават яшчэ далейшыя продкі. Сярод такіх — Алена Сьвірыдава, Анжаліка Агурбаш, Натальля Падольская, Дыяна Арбеніна, Б’янка, Серёга, гурты “Би-2”, “Рефлекс”, “Краски” і нават фронтмэн “Машины времени” Андрэй Макарэвіч. Усе яны зарабляюць на жыцьцё ў Расеі і ніводнага разу не выяўлялі жаданьня жыць у Беларусі.

Апроч таго, каб даць радыёстанцыям палёгку, прапанавана лічыць “беларускай музыкай” замежныя кампазыцыі і cover-вэрсіі ў выкананьні беларускіх артыстаў, а таксама праграмы, падрыхтаваныя беларускімі ды-джэямі, творы ў аранжыроўках беларускіх музыкантаў і гурты, у складзе якіх працуюць этнічныя беларусы. У выніку насычэньне шэрагу радыёстанцый толькі ўмоўна можна назваць беларускім. Але пры гэтым яно адпавядае патрабаваньням Міністэрства інфармацыі.

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка перакананы, што фактычна ўлады займаюцца дэмагогіяй, якая ня мае нічога агульнага з клопатам пра беларускую музыку, а іхныя квоты папросту ніхто не выконвае:

Вітаўт Мартыненка
“Гэта ўсё роўна, што выдаць указ аб вырабе 75% высакаякаснай прадукцыі… Я быў у Швэцыі на радыёстанцыях, у Польшчы. Дык вось там людзі рэальна займаюцца арганізацыяй фэстываляў, пошукам талентаў, без прымусу. А сядзець, базарна-вакзальную “батву” пракручваць і з гэтага жыць — дык я ня ведаю, якую велічную мэту перасьледавалі ў Мінінфармацыі. Але саму праблему гэта не вырашае. Было і ёсьць 75% — што, нехта гэта выконваў? Ці хто-небудзь жорстка патрабаваў выкананьня закону? Ніхто! Якая радыёстанцыя запісала хоць адзін гурт? А ў Польшчы сотні артыстаў пішуцца на радыёстанцыях!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG