Суд Партызанскага раёну Менску 7 лютага прысудзіў тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму менчуку Кірылу Філіпчыку, як таго і прасіў пракурор. Абвінавачаны ўзяты пад варту ў залі суду, перадаюць Naviny.by.
Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што а палове на 2-ю ночы 29 лістапада 2016 году ён «у стане алькагольнага ап’яненьня», «з хуліганскіх пабуджэньняў» выехаў на тэрыторыю помніка на менскай плошчы Перамогі і «мэтанакіравана ўвёў аўтамабіль у занос», «праехаўшы на ім ня менш за тры кругі вакол сваёй восі (дрыфтаваў)». У гэтым суд пабачыў хуліганства (ч. 1 арт. 339 КК РБ) і зьдзек з асабліва каштоўнай матэрыяльна-культурнай каштоўнасьці (ч. 2 арт. 346 КК РБ).
Таксама на яго было складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў. У справе Філіпчыка сьцьвярджаецца, што ён, злоўлены на правапарушэньні, не рэагаваў на патрабаваньні праваахоўнікаў, «дэманстратыўна неаднаразова парушыў абавязковыя для выкананьня правілы дарожнага руху, пасьля чаго схаваўся». Філіпчыку прысудзілі таксама 630 рублёў штрафу і пазбаўленьне права кіраваньня машынай на 18 месяцаў.
Філіпчык прызнаў сваю віну толькі часткова. Ён не прызнаў, што быў п’яным і што зьдзекаваўся з гісторыка-культурнай каштоўнасьці, прасіў не пазбаўляць яго волі. Ён каяўся ва ўчыненым, прасіў прабачэньня ў вэтэранаў і ўсіх, каго мог абразіць.
Знаёмаму Філіпчыка, які здымаў «дрыфт» на відэа, прысуджаны штраф памерам 6 базавых велічыняў.