У Магілёве паведамляюць, што позвы ўручаюць прызыўніку пад ягоны подпіс на працоўным месцы. Удзельнічаюць у гэтым ня толькі супрацоўнікі вайсковых камісарыятаў, але і міліцыя.
Наведваньне супрацоўнікамі вайсковых камісарыятаў месца працы прызыўнікоў тлумачыцца тым, што іх могуць не засьпець дома альбо яны будуць шукаць прычын, каб ухіліцца ад прызыву.
«Да нас на завод прыяжджалі трое. Заблякавалі прахадную. На ёй заставаўся адзін супрацоўнік, а двое адразу прыйшлі ў аддзел кадраў, каб спраўдзіць зьвесткі пра прызыўнікоў. Калі яны былі на месцы, то ім уручалі позву пад росьпіс. На некаторых прадпрыемствах пасьля ўручэньня позвы адразу забіралі на зборы», — падзяліўся работнік аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў.
У «партызаны» бяруць ня толькі жыхароў Магілёўскай вобласьці, але і суседніх Менскай і Віцебскай.
Тым часам на некаторыя раённыя газэты паведамілі пра «раптоўную праверку баявой гатоўнасьці падразьдзяленьняў тэрытарыяльнай самаабароны». Як адзначаецца, у камісарыяты паступіў сыгнал аб «правядзеньні мерапрыемстваў збору і падрыхтоўкі асабовага складу». На збор прыцягнулі вайскоўцаў запасу.
«На пункт прыёму асабовага складу, разгорнутага на базе адной з устаноў гораду, папярэдне быў завезены вайсковы рыштунак, — напісала клічаўская раёнка „Сьцяг Саветаў“. — Сюды вайсковаабавязаныяпрыбывалі асобнымі камандамі і па ўсёй форме экіпаваліся. Затым для афіцэраў запасу правялі заняткі, на якіх яны меліся аднавіць і паглыбіць свае веды ды навыкі для выкананьня задач, ускладзеных перад тэрытарыяльнай абаронай».
У публікацыі адзначаецца, што «менавіта тэрытарыяльная абарона закліканая надаць абароне дзяржавы ўсенародны характар».
«Тэзіс пра тое, што бітвы выйграе армія, а войны — народы, набыў у Беларусі практычную рэалізацыю», — рэзюмуе газэта Клічаўскага райвыканкаму.
Як вынікае з публікацыяў раённых газэтаў, райвыканкамы ў канцы мінулага году і на пачатку гэтага выдалі пастановы пра арганізацыю мабільных структураў для правядзеньня мабілізацыі людзкіх і транспартных рэсурсаў і забесьпячэньня мабілізацыйных мерапрыемстваў. На нарадах адпрацоўваліся пытаньні апавяшчэньня вайсковаабавязаных і кіраўнікоў арганізацыяў — пастаўшчыкоў транспартных сродкаў, збору і арганізацыйнай адпраўкі на пункт прыёму асабовага складу тэрытарыяльных войскаў раёнаў.
Паводле сайту Мінабароны, у вайсковыя часткі сапраўды прызываюць «партызанаў» для праверкі баявой гатоўнасьці.
Усяго 400 абавязаных будуць прызваныя цягам некалькіх дзён у дзьве вайсковыя часткі — у 231 артылерыйскую брыгаду і адну з мэханізаваных брыгадаў, якія камплектуюцца прызыўнікамі Менску, а таксама Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласьцей.
Прызыў праводзіцца ў межах комплекснай праверкі баяздольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, ён пачаўся 1 лютага, але на колькі дзён заплянаваныя зборы «партызанаў», вайскоўцы не паведамляюць. Мэта вайсковых мерапрыемстваў, паводле сайту Мінабароны — «падрыхтоўка да выкананьня задачаў паводле прызначэньня».