На пажары ў Жлобінскім дзяржаўным мэталюргічным каледжы загінуў чалавек, адзін супрацоўнік выратаваны.
Паведамленьне аб пажары ў экстраныя службы паступіла раніцай 5 лютага. Да моманту прыбыцьця ратавальнікаў адкрытым агнём гарэла дапаможнае памяшканьне на першым паверсе цаглянага чатырохпавярховага будынка, а ў самім будынку каледжа было моцнае задымленьне.
Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленьні МНС, на першым паверсе будынка ў калідоры на падлозе, за 30 мэтраў ад ачага пажару, быў знойдзены непрытомны супрацоўнік установы. Яго вынесьлі на вуліцу і перадалі работнікам хуткай дапамогі, якія канстатавалі сьмерць мужчыны. У кабінэце на трэцім паверсе будынка была знойдзеная і выратаваная работніца каледжа.
Агнём зьнішчана маёмасьць на першым паверсе будынка, закураныя сьцены ў калідоры першага паверха.
Прычына пажару пакуль высьвятляецца. Праверку праводзіць Жлобінскі раённы аддзел СК.
Як дадалі ў МНС са спасылкай на дырэктара каледжа, 6 лютага ўстанова будзе працаваць у штатным рэжыме, навучальны працэс не парушаны.