Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

14:33 3.2.2017

Хто ў Палаце гаспадар?

Кажучы пра Марзалюка, Лукашэнка прызнаў, што менавіта ён (прэзыдэнт) вызначаў, каго прызначаць старшынямі камісій у Палаце прадстаўнікоў. Цікавае прызнаньне. А мы думалі наіўна, што Палата прадстаўнікоў — самастойны і незалежны орган.

14:45 3.2.2017

«Я ня маю права адмяніць сьмяротнае пакараньне»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім пацікавіліся, ці гатовы Лукашэнка падтрымаць мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што ён не крыважэрны, але зрабіць гэтага ня можа, бо людзі падтрымалі сьмяротнае пакараньне на рэфэрэндуме.

«Я ня маю права адмяніць сьмяротнае пакараньне або ўвесьці мараторый. У нас прайшоў рэфэрэндум», — падкрэсьліў ён.

«Тыя, хто гэта ўвялі, яны цяпер гатовыя адмяніць мараторый, але ня ведаюць, як гэта зрабіць», — заявіў ён.

15:29 3.2.2017

Цікавая рэакцыя на Раманчука і Анісім

А можа вы і маеце рацыю, а можа так і трэба? :-) Яраслава памінаў ледзь не праз слова. Новыя ролі. Што вынікае з гэтых рэвэрансаў? Магчыма, і нічога. Проста праца з грамадзкай думкай. Дарэчы, даўно не гаварыў да гэтага пра «пятую калёну». Раманчук і Анісім, відаць, нейкая чацьвёртая ці нейкая іншая, але свая.

15:30 3.2.2017

Лукашэнка спадзяецца знайсьці сьляды зьніклых

Лукашэнка закрануў тэму зьніклых беларусаў. Паводле ягоных слоў, ён быў бы самым шчасьлівым чалавекам, калі б яму паказалі, дзе можна знайсьці сьляды гэтых людзей.

«Я ўсё ж такі спадзяюся, што дзесьці іх сьляды ёсьць», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Асобна ён успомніў пра выкраданьне журналіста Завадскага.

«Як суд прызнаў, яго (Завадзкага. — РС) забілі, назвалі канкрэтных людзей і пасадзілі. Уся гэтая каніцель разгортваецца. А ў мяне ў службе бясьпекі служыў хлопец — вельмі прыстойны чалавек, Саша. Ён вельмі добра знаў таго, каго пасадзілі. А ў яго ў машыне знайшлі і рыдлёўку, параўналі кроў... Асудзілі пажыцьцёва. Я кажу — едзь у калёнію, знайдзі гэтага чалавека. Папрасі яго — калі ён гэта зрабіў, хай прызнаецца, я яго цалкам амністую, вызвалю ад пакараньня, нават калі ён зьдзейсьніў гэтае злачынства. Але ён павінен паказаць труп. Ён адмовіўся і да гэтага часу сядзіць», — заявіў ён.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG