Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

12:49 3.2.2017

«Вайны ня будзе»

Лукашэнка заявіў, што Беларусі не пагражае акупацыя расейскімі войскамі.

«Ніколі ня крыўдзіце расейцаў, — падкрэсьліў ён, — Яны прыяжджаюць, адпачываюць і небясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Пуціны і лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся».

«Ніхто нас не акупуе. Кіньце вы. Ніхто войскі не ўвядзе. Вайны ня будзе ніякай. Мы проста будзем абараняць сябе і сваю незалежнасьць. Мы людзі, мы хочам людзьмі звацца», — заявіў ён.

12:51 3.2.2017

Беларусь страціла 15 мільярдаў ад ЭАЭС

Лукашэнка выказаўся пра страты Беларусі ад Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Чаму мы туды пайшлі? Мы разьлічвалі, што саюз будзе раўнапраўны, будуць створаныя роўныя ўмовы. Бяз гэтага ня можа быць саюзу. І вось за гэты час празь няроўныя ўмовы і цэны Беларусь страціла 15 мільярдаў даляраў».

12:56 3.2.2017

Пра набалелае, пра Расею

Лукашэнка вельмі доўга адказваў на пытаньне пра Расею. Відаць, моцна набалела ва ўсіх кірунках. Хоць зроблены мяккія падкладкі: маўляў, Расея — натуральны саюзьнік, Пуцін — сябар, але... Асабліва ўразіла рэпліка ў адрас Пуціна: «Можа, у вас акцыі „Газпрома“»? Зразумела, у якасьці жарту. Але, як вядома, у кожным жарце ёсьць частка праўды.

13:09 3.2.2017

Пра памежныя зоны на мяжы з Расеяй: «Гэта чыста палітычны выпад»

Рашэньне Масквы аб увядзеньні памежных зон на мяжы зь Беларусьсю Лукашэнка назваў «палітычным».

«Гэта чыста палітычны выпад. Нельга гэтага рабіць», — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўвядзеньне Беларусьсю бязьвізавага рэжыму для заходніх краінаў не пагражае нацыянальнай бясьпецы Расеі.

«Мы маем права прыняць гэтае рашэньне. Мы сувэрэнная незалежная краіна. Больш за тое, мы ж узгаднілі зь імі. А сёньня яны нас папракаюць, што нібыта гэтая памежная зона — у адказ на ўказ Лукашэнкі пра бязьвізавы ўезд. Толькі вось гэты загад яны прынялі на месяц раней, чым мы ўвялі „бязьвіз“», — заявіў ён.

«Нібыта для абароны межаў Расеі прыняты ўказ ФСБ. У мяне пытаньне. Так, з тэрарызмам трэба змагацца. Але калі ўзяць Расею і Беларусь, то хто тэрарыстычна больш небясьпечны? Пытаньне рытарычнае. Але мы ж ніколі не закрывалі мяжу. І калі ішла вайна на Каўказе (там і цяпер праблем хапае), мы мяжу не закрывалі».

«І калі людзі з Каўказу хлынулі ў Польшчу, яны іх выкінулі на цэлы склад на нашу тэрыторыю, 1000 чалавек. Мы іх абагрэлі, прынялі, накармілі, памылі і разьмясьцілі ў Берасьці. Яны ўжо там нараджалі і маім імем называлі дзяцей. Але гэта расейцы, мы ж не адгарадзіліся ад іх», — заявіў ён.

«Ніякага памежнага рэжыму ня ўводзілася» — Крэмль

Прэс-служба Крамля паведамляе, што ніякіх рашэньняў аб увядзеньні памежнага рэжыму на мяжы Расеі і Беларусі не прымалася, загад дырэктара ФСБ РФ аб усталяваньні памежных зон накіраваны на рэглямэнтацыю паездак грамадзян трэціх краін.

«Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (у пятніцу) выступіў з крытычнымі заўвагамі адносна ўвядзеньня памежнага рэжыму паміж нашымі саюзьніцкімі дзяржавамі», — сказалі 3 лютага ў прэс-службе прэзыдэнта РФ, перадае Інтэрфакс.

У сувязі з гэтым у прэс-службе сказалі, што «гэта ня так: ніякага памежнага рэжыму ня ўводзілася».

«Гаворка ідзе пра ўвядзеньне памежных зон у прылеглых да мяжы раёнах. Гэта зьвязана зь неабходнасьцю рэглямэнтаваць наведваньне памежных раёнаў грамадзянамі трэціх краін», — сказалі ў прэс-службе прэзыдэнта.

І дадалі, што «ніякіх наступстваў ад такога рашэньня для грамадзян Саюзнай дзяржавы — грамадзян РФ і Беларусі — няма і быць ня можа».

«Адпаведны загад кіраўніка нашай адпаведнай службы пасьля пільнай прапрацоўкі і ўзгадненьня зь міністэрствам юстыцыі РФ на адпаведнасьць усім міжнародным абавязаньням і дамовам быў апублікаваны загадзя, — сказалі ў прэс-службе. — Нейкім чынам такія захады асацыяваць з парушэньнем Расеяй міжнародных абавязаньняў ці міждзяржаўных дамоў мы лічым некарэктным і няслушным».

13:12 3.2.2017

Мельянцоў: Данквэрта не пасадзяць

Палітоляг, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў пра заяву Лукашэнкі наконт Данквэрта:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Хутчэй за ўсё, ніякага перасьледу Данквэрта ў Беларусі ня будзе. Правакацыйная заява Лукашэнкі пра тое, што на Данквэрта варта завесьці крымінальную справу — гэта выключна палітычная заява. Такая асацыяцыя з Баўмгэртнэрам, намёк на тое, што з расейскім функцыянэрам трэба больш паважліва ставіцца да беларускіх чыноўнікаў на перамовах. Гэта палітычнае прывітаньне для Расеі».

13:12 3.2.2017

Пра Макея, Данквэрта і Бортнікава і «неапошняга дыктатара»

Цікавая лёгіка — ўсё, што робіць Макей, робіцца на загад прэзыдэнта, ніякай сваёй палітыкі ён не вядзе. Бортнікаў выдаў загад пра мяжу насуперак усім дамоўленасьцям, Данквэрт шкодзіць Беларусі з карысьлівых меркаваньняў, віцэ-прэмʼер РФ (Дварковіч) выдумаў доўг Беларусі. А нехта ж нядаўна казаў, што «я ўжо не апошні дыктатар Эўропы». Данквэрта трэба пасадзіць, а можа не Данквэрта? А можа і ён робіць усё на загад свайго прэзыдэнта і ніякай сваёй палітыкі не вядзе?

Але хай сабе так. І што? Дык а што рабіць? Што вынікае з усяго гэтага шчыраваньня, расповедаў пра размовы з Пуціным у стылі #давайпака Пілецкага? Лукашэнка — харошы, Пуцін — кепскі. Што далей?

13:19 3.2.2017

«У ЗША шмат разумных людзей, 80% — габрэі»

Лукашэнка заклікаў Крэмль не ўскладаць вялікіх надзей на новаабранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа:

«Колькі раз ужо казаў кіраўніцтву Расеі: супакойцеся, не рабіце гэтага Трампу горш. Ну ледзьве не яны прызначылі прэзыдэнта ЗША. Трамп — гэта прэзыдэнт Амэрыкі зь лёзунгам „зробім Амэрыку зноў вялікай“. Гавару з Пуціным: „Вось уяві, ты з Трампам сядзіш. А лёзунг напісаны — „Зробім Амэрыку моцнай“. Вось такія і такія захады. У якім вагоне ты будзеш тады сядзець? У першы не пасадзіць цябе. Пасадзіць у 20-ы, як эканоміка Расеі — 20-е месца і 20-ы вагон. А як на гэта рэагаваць? Прэзыдэнта ж вы прызначалі ў Амэрыцы. Ён таксама дрэнны, як і Абама?“»

«Трамп не настолькі дурны, як вы думаеце. Хай ён неспрактыкаваны. Я ўсё гэта праходзіў, калі не з эліты прыходзіш наверх. Так, можа, недзе спакайней трэба. Але там жа шмат разумных людзей, 80% — габрэі. Нацыя далёка не дурная. Падкажуць, распавядуць і дапамогуць», — адзначыў ён.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG