Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

11:24 3.2.2017

Юры Дракахруст

«500 даляраў — кроў з носу сёлета»

«Зарплаты і пэнсіі могуць быць павышаныя толькі пры эфэктыўнай рабоце эканомікі». Вынікі працы эканомікі: Зьніжэньне ВУП у 2015 годзе — 3.9%, зьніжэньне ў 2016 годзе — 2.6%. Занятасьць у 2016 годзе зьнізілася на 2%. Вытворнасьць працы = ВУП/занятасьць. За кошт якой «эфэктыўнай работы эканомікі» могуць быць павышаныя заробкі да 500 даляраў?

11:33 3.2.2017

Пра бунт чыноўнікаў

Эканаміст Яраслаў Раманчук задаў пытаньне пра надзвычай высокія дзяржаўных выдаткі і раздзьмуты дзяржсэктар.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што разумее, пра што кажа эканаміст, але аптымізацыю дзяржаўных функцый і дзяржаўнага апарату трэба праводзіць акуратна.

«Я вырас у вёсцы, я вясковы хлопец. Гэта вясковае пачуцьцё ў мяне. Трэба акуратна, асьцярожна. Гэта ж лёсы людзей, мы ідзём па тонкім лёдзе». Паводле яго, супраціву дзяржапарату пры гэтым ён не адчувае і бунту сярод чыноўнікаў ня сьпее. «Калі я ў гэтым перакананы, то я ўсё роўна гэтага дабʼюся».

11:36 3.2.2017

Раманчук і Лукашэнка размаўляюць на розных мовах

Раманчук кажа пра скарачэньне функцый дзяржавы. Лукашэнка гаворыць пра «аптымізацыю», то бок скарачэньне дзяржапарату, скарачэньне колькасьці чыноўнікаў. Але скарачэньне чыноўнікаў без скарачэньня функцый нічога не мяняе. Раманчук кажа пра неэфэктыўнасьць дзяржсэктару. А Лукашэнка кажа, што калі пачнём прыватызацыю, то невядома, дзе гэтыя дзяржпрадпрыемствы апынуцца, мо ў замежнікаў. Пра эфэктыўнасьць гаворка не ідзе.

11:38 3.2.2017

Лукашэнка пакуль не называе Расею, нават калі відавочна намякае на яе: «Я патлумачыў МВФ, што будзе з нашымі прадпрыемствамі, калі іх прыватызаваць». «Калі я выстаўлю прадпрыемствы на продаж — кожны з вас адкажа, хто іх купіць». Відавочны намёк на расейскіх алігархаў. Хоць слова «Расея» Лукашэнка сёньня пакуль яшчэ ані разу не прамовіў.

11:39 3.2.2017

Лукашэнка запрасіў Раманчука ў раду разьвіцьця прадпрымальніцтва

Лукашэнка распарадзіўся ўключыць Яраслава Раманчука ў савет па разьвіцьці прадпрымальніцтва, калі ў яго ёсьць такое жаданьне. «Я не перакананы, што прадпрымальнікам сёньня проста немагчыма жыць. Але раз вы кажаце, значыць, у гэтым нешта ёсьць», — адзначыў ён.

Раманчук у сваю чаргу запрасіў Лукашэнку выступіць на Асамблеі дзелавых колаў.

11:51 3.2.2017

«Справядлівасьць» альбо закон?

З вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучалі дзьве важныя канцэптуальныя заявы.

Першая. «Мяне ўжо не пераробіш. Я лічу, што мадэль для нас і для славянскіх краінаў — гэта сацыяльна арыентаваная эканоміка».

Другая. «Я справядлівасьць стаўлю вышэй за любы закон».

Гэта азначае дзьве рэчы. Па-першае, Лукашэнка прызнае, што, пакуль ён прэзыдэнт, ня будзе ў Беларусі лібэральнай рынкавай эканомікі («капіталістычнай»), будзе «сацыяльная арыентаваная» (па сутнасьці, «сацыялістычная»). Па-другое, калі Лукашэнка «справядлівасьць» ставіць вышэй за закон, гэта азначае адсутнасьць прававой дзяржавы, прыярытэту закону. Гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы лічыць магчымым «па справядлівасьці» ўмешвацца ў справы судовай сыстэмы.

11:52 3.2.2017

Лукашэнка лічыць, што ня трэба нічога мяняць

Вельмі шмат часу Лукашэнка траціць на абгрунтаваньне таго, што рынкавыя рэформы ў эканоміцы не патрэбны. Аргумэнты розныя: ня трэба сьпяшацца; трэба думаць пра людзей, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах; прыватнік ня больш эфэктыўны, чым дзяржпрадпрыемства; бізнэсоўцы жульнічаюць (Мураўёў). Але сутнасьць адна: ня трэба нічога асабліва мяняць, няхай ўсё будзе, як ёсьць.

11:57 3.2.2017

Да дыскусіі паміж Раманчуком і Лукашэнкам

У 2011 годзе доля прадукцыі, вырабленай на прадпрыемствах, якія належаць дзяржаве або кантраляванымі дзяржавай, склала 70% ВУП Беларусі. У той жа час, гэты паказчык у суседніх краінах — Польшчы, Літве, Латвіі, Расеі і Ўкраіне — вагаўся ад 40 % ва Ўкраіне да 25% у Літве і Польшчы. Акрамя таго, сярод 29 краінаў ранейшага сацыялістычнага блёку, уключаючы і краіны Цэнтральнай Эўропы, Каўказу і Сярэдняй Азіі доля дзяржаўнай уласнасьці ў Беларусі была самай высокай, выключэньнем стала толькі адна краіна — Туркмэністан.

У Кітаі ў 1978 годзе доля дзяржаўнай уласнасьці ў ВУП складала 78%, у 2008 годзе — 28%.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG