Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

13:51 3.2.2017

Кіраўнік Рассельгаснагляду Данквэрт пра заяву Лукашэнкі: «Гэта націск на ўсе ведамства»

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данквэрт расцэньвае заяву прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі як націск ня толькі на яго асабіста, але і на ўсё ведамства ў цэлым.

«Гэта сур’ёзны націск, прычым ня толькі на пазыцыю кіраўніка, але і на ўсю службу ў цэлым», — заявіў Данквэрт «Інтэрфаксу», камэнтуючы заяву Лукашэнкі пра тое, што супраць яго неабходна распачаць крымінальную справу «за нанясеньне ўрону дзяржаве».

Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандр Лукашэнка, камэнтуючы прэтэнзіі Масквы да беларускіх прадуктаў харчаваньня, сказаў, што супраць Данквэрта трэба распачаць крымінальную справу.

13:48 3.2.2017

Сюжэт пра АЭС

Лукашэнка кажа, што атамная станцыя нам патрэбная, бо гэта — «высачайшыя» тэхналёгіі. Хто б яму растлумачыў, што АЭС — гэта тэхналёгія сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. Гэта зусім не самая сучасная галіна эканомікі. Зноў пытаньне пра тое, што Лукашэнка жыве не ў сучаснай эпосе.

13:40 3.2.2017

«Навошта вам гэтыя 10 самалётаў? Вы дайце нам 20 самалётаў!»

Лукашэнка прыгадаў пра жаданьне Расеі разьмясьціць авіябазу ў Беларусі.

«Каму патрэбныя гэтыя 10 самалётаў, якія Расея хацела пасадзіць у Бабруйску? Навошта вам гэтыя 10 самалётаў? Вы дайце нам 20 самалётаў. Няма, Шайгу хацеў базу. Што дае гэтая база? Што ў сучаснай вайне супраць NATO гэтыя самалёты? Самалёт — гэта 10 хвілін бою: ён узьляцеў, і яго няма. Вайна цяпер іншая. Гэта ў Сырыі можна лётаць, у ІД няма сыстэмы СПА. А ў нас нават у Беларусі: ты ўзьляцеў за 200 км, мы цябе бачым — і тваё жыцьцё ўжо палічана. І што такое аэрадром на пярэднім краі ваенных дзеяньняў? Ня дай бог вайна — дзьве ракеты на ўзьлётна-пасадачную паласу, і ніводзін самалёт не ўзьляціць... Навошта іх сюды? Я зрабіў выснову, што гэта не ваенная прапанова. А якая? Думайце самі», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што маючыя адбыцца расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» не пагражаюць краіне — расейскія войскі не зьбіраюцца акупаваць Беларусь.

«Як гэтыя (расейскія) войскі сюды ўвойдуць, так роўненька яны і выйдуць», — адзначыў ён.

13:19 3.2.2017

«У ЗША шмат разумных людзей, 80% — габрэі»

Лукашэнка заклікаў Крэмль не ўскладаць вялікіх надзей на новаабранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа:

«Колькі раз ужо казаў кіраўніцтву Расеі: супакойцеся, не рабіце гэтага Трампу горш. Ну ледзьве не яны прызначылі прэзыдэнта ЗША. Трамп — гэта прэзыдэнт Амэрыкі зь лёзунгам „зробім Амэрыку зноў вялікай“. Гавару з Пуціным: „Вось уяві, ты з Трампам сядзіш. А лёзунг напісаны — „Зробім Амэрыку моцнай“. Вось такія і такія захады. У якім вагоне ты будзеш тады сядзець? У першы не пасадзіць цябе. Пасадзіць у 20-ы, як эканоміка Расеі — 20-е месца і 20-ы вагон. А як на гэта рэагаваць? Прэзыдэнта ж вы прызначалі ў Амэрыцы. Ён таксама дрэнны, як і Абама?“»

«Трамп не настолькі дурны, як вы думаеце. Хай ён неспрактыкаваны. Я ўсё гэта праходзіў, калі не з эліты прыходзіш наверх. Так, можа, недзе спакайней трэба. Але там жа шмат разумных людзей, 80% — габрэі. Нацыя далёка не дурная. Падкажуць, распавядуць і дапамогуць», — адзначыў ён.

13:12 3.2.2017

Пра Макея, Данквэрта і Бортнікава і «неапошняга дыктатара»

Цікавая лёгіка — ўсё, што робіць Макей, робіцца на загад прэзыдэнта, ніякай сваёй палітыкі ён не вядзе. Бортнікаў выдаў загад пра мяжу насуперак усім дамоўленасьцям, Данквэрт шкодзіць Беларусі з карысьлівых меркаваньняў, віцэ-прэмʼер РФ (Дварковіч) выдумаў доўг Беларусі. А нехта ж нядаўна казаў, што «я ўжо не апошні дыктатар Эўропы». Данквэрта трэба пасадзіць, а можа не Данквэрта? А можа і ён робіць усё на загад свайго прэзыдэнта і ніякай сваёй палітыкі не вядзе?

Але хай сабе так. І што? Дык а што рабіць? Што вынікае з усяго гэтага шчыраваньня, расповедаў пра размовы з Пуціным у стылі #давайпака Пілецкага? Лукашэнка — харошы, Пуцін — кепскі. Што далей?

13:12 3.2.2017

Мельянцоў: Данквэрта не пасадзяць

Палітоляг, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў пра заяву Лукашэнкі наконт Данквэрта:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Хутчэй за ўсё, ніякага перасьледу Данквэрта ў Беларусі ня будзе. Правакацыйная заява Лукашэнкі пра тое, што на Данквэрта варта завесьці крымінальную справу — гэта выключна палітычная заява. Такая асацыяцыя з Баўмгэртнэрам, намёк на тое, што з расейскім функцыянэрам трэба больш паважліва ставіцца да беларускіх чыноўнікаў на перамовах. Гэта палітычнае прывітаньне для Расеі».

13:09 3.2.2017

Пра памежныя зоны на мяжы з Расеяй: «Гэта чыста палітычны выпад»

Рашэньне Масквы аб увядзеньні памежных зон на мяжы зь Беларусьсю Лукашэнка назваў «палітычным».

«Гэта чыста палітычны выпад. Нельга гэтага рабіць», — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўвядзеньне Беларусьсю бязьвізавага рэжыму для заходніх краінаў не пагражае нацыянальнай бясьпецы Расеі.

«Мы маем права прыняць гэтае рашэньне. Мы сувэрэнная незалежная краіна. Больш за тое, мы ж узгаднілі зь імі. А сёньня яны нас папракаюць, што нібыта гэтая памежная зона — у адказ на ўказ Лукашэнкі пра бязьвізавы ўезд. Толькі вось гэты загад яны прынялі на месяц раней, чым мы ўвялі „бязьвіз“», — заявіў ён.

«Нібыта для абароны межаў Расеі прыняты ўказ ФСБ. У мяне пытаньне. Так, з тэрарызмам трэба змагацца. Але калі ўзяць Расею і Беларусь, то хто тэрарыстычна больш небясьпечны? Пытаньне рытарычнае. Але мы ж ніколі не закрывалі мяжу. І калі ішла вайна на Каўказе (там і цяпер праблем хапае), мы мяжу не закрывалі».

«І калі людзі з Каўказу хлынулі ў Польшчу, яны іх выкінулі на цэлы склад на нашу тэрыторыю, 1000 чалавек. Мы іх абагрэлі, прынялі, накармілі, памылі і разьмясьцілі ў Берасьці. Яны ўжо там нараджалі і маім імем называлі дзяцей. Але гэта расейцы, мы ж не адгарадзіліся ад іх», — заявіў ён.

«Ніякага памежнага рэжыму ня ўводзілася» — Крэмль

Прэс-служба Крамля паведамляе, што ніякіх рашэньняў аб увядзеньні памежнага рэжыму на мяжы Расеі і Беларусі не прымалася, загад дырэктара ФСБ РФ аб усталяваньні памежных зон накіраваны на рэглямэнтацыю паездак грамадзян трэціх краін.

«Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (у пятніцу) выступіў з крытычнымі заўвагамі адносна ўвядзеньня памежнага рэжыму паміж нашымі саюзьніцкімі дзяржавамі», — сказалі 3 лютага ў прэс-службе прэзыдэнта РФ, перадае Інтэрфакс.

У сувязі з гэтым у прэс-службе сказалі, што «гэта ня так: ніякага памежнага рэжыму ня ўводзілася».

«Гаворка ідзе пра ўвядзеньне памежных зон у прылеглых да мяжы раёнах. Гэта зьвязана зь неабходнасьцю рэглямэнтаваць наведваньне памежных раёнаў грамадзянамі трэціх краін», — сказалі ў прэс-службе прэзыдэнта.

І дадалі, што «ніякіх наступстваў ад такога рашэньня для грамадзян Саюзнай дзяржавы — грамадзян РФ і Беларусі — няма і быць ня можа».

«Адпаведны загад кіраўніка нашай адпаведнай службы пасьля пільнай прапрацоўкі і ўзгадненьня зь міністэрствам юстыцыі РФ на адпаведнасьць усім міжнародным абавязаньням і дамовам быў апублікаваны загадзя, — сказалі ў прэс-службе. — Нейкім чынам такія захады асацыяваць з парушэньнем Расеяй міжнародных абавязаньняў ці міждзяржаўных дамоў мы лічым некарэктным і няслушным».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG