Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

12:56 3.2.2017

Пра набалелае, пра Расею

Лукашэнка вельмі доўга адказваў на пытаньне пра Расею. Відаць, моцна набалела ва ўсіх кірунках. Хоць зроблены мяккія падкладкі: маўляў, Расея — натуральны саюзьнік, Пуцін — сябар, але... Асабліва ўразіла рэпліка ў адрас Пуціна: «Можа, у вас акцыі „Газпрома“»? Зразумела, у якасьці жарту. Але, як вядома, у кожным жарце ёсьць частка праўды.

12:51 3.2.2017

Беларусь страціла 15 мільярдаў ад ЭАЭС

Лукашэнка выказаўся пра страты Беларусі ад Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Чаму мы туды пайшлі? Мы разьлічвалі, што саюз будзе раўнапраўны, будуць створаныя роўныя ўмовы. Бяз гэтага ня можа быць саюзу. І вось за гэты час празь няроўныя ўмовы і цэны Беларусь страціла 15 мільярдаў даляраў».

12:49 3.2.2017

«Вайны ня будзе»

Лукашэнка заявіў, што Беларусі не пагражае акупацыя расейскімі войскамі.

«Ніколі ня крыўдзіце расейцаў, — падкрэсьліў ён, — Яны прыяжджаюць, адпачываюць і небясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Пуціны і лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся».

«Ніхто нас не акупуе. Кіньце вы. Ніхто войскі не ўвядзе. Вайны ня будзе ніякай. Мы проста будзем абараняць сябе і сваю незалежнасьць. Мы людзі, мы хочам людзьмі звацца», — заявіў ён.

12:33 3.2.2017

Лукашэнка загадаў арыштаваць кіраўніка Рассельгаснагляду

Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзій Масквы да беларускіх прадуктаў.

«Ведаеце, рознага кшталту Данквэрты... Нам трэба вывучыць гэтае пытаньне, Ігар Анатолевіч (Шуневіч) і распачаць крымінальную справу, як некалі па Керымаву і Баўмгэртнэру. За нанясеньне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем. Калі ён пабудзе ў СІЗА, ён будзе даваць сабе справаздачу, што ён робіць».

12:28 3.2.2017

«Я напісаў Пуціну ад рукі некалькі радкоў»

Лукашэнка падрабязна распавёў пра ход нафтагазавых перамоваў з Масквой.

«Дамовіцца пакуль не змаглі. Пачалася нейкая каніцель, цяганіна. Як гэта разумець? Ну як зьдзек. Мы можам больш страціць. Я напісаў Пуціну ад рукі некалькі радкоў: ня трэба нам ісьці гэтым шляхам. Што такое 500 мільёнаў? Гэта нішто. Гэта прывядзе да эскаляцыі ў многіх напрамках. Здаецца, так і атрымліваецца. Ужо да межаў дайшлі».

12:20 3.2.2017

Шушкевіч: «Лукашэнка хлусіць. Гэта ягоная прафэсія»

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч пра выказваньне Лукшэнкі ў свой адрас: «Я ўжо даўно прызвычаіўся да таго, што хлусіць — гэта прафэсія Лукашэнкі. А я тады казаў праўду, я сказаў у Вярхоўным Савеце, што ў расейскай Думе ўсе камітэты прагаласавалі за рашэньне пра незалежнасьць рэспублік, і ў нас усе падтрымалі. Што тычыцца Лукашэнкі — знайдзіце хоць адну пазыцыю, дзе ён ня брэша. Ён сам хлусіць увесь час».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG