Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі і грамадзкасьцю 3 лютага 2017 года.

«Пятай калёны тут няма», — Лукашэнка на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Анлайн

Аляксандар Лукашэнка зладзіў 3 лютага прэс-канфэрэнцыю «Вялікая размова з прэзыдэнтам», якая доўжылася з 10-й гадзіны да 17:21 і паставіла рэкорд па працягласьці такіх мерапрыемстваў.

Фонам прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйнай прасторы былі «нафтагазавыя войны» з Расеяй; значнае падзеньне эканомікі, заўважная інфляцыя рост дзяржаўнай запазычанасьці і абяцаньне заробкаў па 500 даляраў; затрыманьне вядомага бізнэсоўца Кныровіча; запушчаныя расейскімі сайтамі чуткі пра #Belxit — выхад Беларусі з расейскіх інтэграцыйных структур; спрэчкі вакол БелАЭС і заява міністра замежных спраў Літвы аб «рэштках беларускага сувэрэнітэту».

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў грамадзкасьці і розных СМІ, у тым ліку незалежных. Сярод запрошаных быў і карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко.

Мінулы раз Лукашэнка ладзіў вялікую прэс-канфэрэнцыю 17 лістапада 2016 году. Яна цягнулася больш за 5 гадзін. Папярэдні рэкорд працягласьці прэс-канфэрэнцыяў Лукашэнкі — 7 гадзін і 7 хвілін (29 студзеня 2015 году).

11:04 3.2.2017

«Я супраць таго, каб у школе была рэлігія»

Лукашэнка выказаўся супраць таго, каб перагружаць дзяцей у школе. Ён прывёў у прыклад школьную праграму, зь якой сутыкаецца ягоны малодшы сын Мікалай:

«Гляджу нядаўна, чытае, як малітву. Ці то Біблію, ці то Тору, ці то Каран. Гляджу: літаратура. Што гэта? Адкуль зьявілася? Пацанёнку 12 гадоў — што вы ў гэтай кніжцы напісалі?»

«Я супраць таго, каб у школе была рэлігія. У нас сьвецкая адукацыя», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

«А колькі ў нас у школе таго, што ня трэба? У нас школа перагрузіла дзяцей настолькі, што ім дыхаць немагчыма.... І ведаеце — дэбілы. Мы да 17-18 гадоў дзяцей заганяем так, што яны пачынаюць пакутаваць на дэбілізм... Я сам гэта прайшоў!», — заявіў Лукашэнка.

10:53 3.2.2017

Лябедзька: «Хай называе хоць пятай, хоць дваццатай калёнай»

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька не запрошаны на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, але ён ня лічыць сябе пятай калёнай: «Не мая місія здагадвацца, каго Лукашэнка лічыць пятай калёнай. Пакуль у краіне няма свабодных выбараў і палітычнай канкурэнцыі, хай называе нас хоць пятай, хоць дваццатай калёнай. Прыйдзе час, калі людзі самі будуць выказваць нам давер альбо не выказваць».

10:49 3.2.2017

«Нам ні Ўкраіна, ні Расея, ні Польшча не чужыя»

Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі няма выбару, акрамя як праводзіць шматвэктарную замежную палітыку.

«Ляцелі на адным крыле. Куды прыляцелі — усё бачыце... Мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі. Нам ні Ўкраіна, ні Расея, ні Польшча не чужыя. Гэта нашы суседзі — яны ад Госпада», — падкрэсьліў ён.

«Вось крытыкуюць: чаго прэзыдэнт паехаў у Эгіпет і Самалі? Лабіраваць сваю прадукцыю паехаў. І ніводная яшчэ паездка прэзыдэнта стратнай не была!» — заявіў Лукашэнка.

10:43 3.2.2017

Пра прыватны бізнэс

«Усе крытыкуюць — маўляў, немагчыма працаваць прыватнікам. Задушылі, задушылі, ходзяць, правяраюць. А дзе не правяраюць?.. Ня ведаю... можа, лішні раз прыходзяць? Можа, занадта часта мы бываем у прадпрымальнікаў? Я ня ведаю. Можа, і так», — разважае Лукашэнка.

Паводле яго, калі гэта сапраўды так, то кантрольныя нарматывы можна зьнізіць, адначасова павялічыўшы адказнасьць бізнэс-кіраўнікоў.

«Сёньня раптам усе 10 мільёнаў гатовыя быць бізнэсоўцамі. І калі ў іх нешта не атрымалася — дзяржава вінаватая, Лукашэнка. Родныя мае, вызначцеся — ці здольныя вы быць бізнэсоўцамі?»

10:36 3.2.2017

Пра лядовыя палацы

«Размовы пра тое, што прэзыдэнт занадта шмат пабудаваў лядовых палацаў — яны нікчэмныя. Гэта не за кошт заробкаў і пэнсій», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Адказваючы на пытаньне, калі перастануць будаваць палацы ў краіне, Лукашэнка адказаў, што ён хоча ўбачыць аддачу ад укладзеных рэсурсаў. Паводле яго, што тычыцца лядовых арэнаў, то ён хацеў бы, каб беларусы паўтарылі шлях фінаў: яны за савецкімі часамі прайгравалі ўсім, а цяпер зьяўляюцца аднымі зь лідэраў сусьветнага хакею.

10:36 3.2.2017

Сам сабе супярэчыць

Зноў бясконцыя супярэчнасьці. З аднаго боку, рост заробкаў толькі пры ўмове росту прадукцыйнасьці працы. А з другога боку, 500 даляраў «кроў з носу». З аднаго боку, «я за рынкавую эканоміку, бо 2/3 насельніцтва — за рынак». А з другога боку, крытыка багатых, заклік падзяліцца. Што супярэчыць прынцыпам рынкавай эканомікі.

10:36 3.2.2017

«500 даляраў — кроў з носу сёлета»

«500 даляраў, як я думаю — гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён хоць трохі мог жыць у той сыстэме, якую мы з вамі стварылі. Падкрэсьліваю: 500 даляраў — кроў з носу сёлета», — заявіў ён.

Лукашэнка адзначае, што многія скептычна ставяцца да яго слоў пра 500-даляравую зарплату.

«Кажуць — ну вось, зноў 500 даляраў... І ва ўрадзе так кажуць.... Ніводзін з партфэлем не застанецца! Я не хачу ніякіх эканамічных тэорый тут прамаўляць. Я толькі задам адно пытаньне: чаму ў Беларусі многія могуць катацца на шыкоўных лімузынах, па паўгода адпачываць на курортах, утрымліваць самі ведаеце каго, а іншыя перабіваюцца з хлеба на ваду? Вось вам і сацыяльная справядлівасьць».

Паводле яго, гэтыя «амаль алігархі беларускія» толькі таму так жывуць, што «на нас працуюць людзі». «Дык давайце дамо гэтым людзям хоць бы 500 даляраў», — кажа ён.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG