Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе падрыхтоўка расейскіх грамадзян да магчымага крызісу ў адносінах зь Беларусьсю»


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка ў эфіры праграмы «Время покажет» на расейскім Першым канале абверг публікацыі ў СМІ пра тое, што Беларусь мае намер выйсьці з інтэграцыйных абʼяднаньняў.

Пра тое, што Беларусь рыхтуецца выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу, з АДКБ і з саюзнай дзяржавы, паведаміла радыё «Эхо Москвы» са спасылкай на агенцтва Regnum. Маўляў, «у Маскве ня будуць рабіць гучных заяў адносна падрыхтоўкі Менску да выхаду з ЭАЭС, АДКБ і, магчыма, саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі».

Пасол Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка заявіў у тэлеэфіры:

«Я ўпершыню ад вас гэта чую. Гэта хто распаўсюдзіў? Я лічу ніжэйшым за сваю годнасьць як пасла камэнтаваць вось гэтую інфармацыю, паколькі пытаньне па будаўніцтве саюзьніцкіх адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй было прынята на ўсенародным рэфэрэндуме. І ад гэтага рашэньня наш прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка не адступіў ні на ёту цягам усіх 25 гадоў нашай інтэграцыі. І хачу сказаць, што ў нас у гэтым годзе 25-годзьдзе дыпляматычных адносінаў, таму мы іх павінны разьвіваць, умацоўваць толькі ў пазытыўным напрамку».

Дыплямат заявіў, што Беларусь «заўсёды была, ёсьць і застаецца пасьлядоўным надзейным хаўрусьнікам Расейскай Фэдэрацыі».

Камэнтуючы распаўсюджаную расейскімі СМІ інфармацыю пра выхад Беларусі з інтэграцыйных праектаў з Расеяй, палітоляг Арсені Сівіцкі сказаў:

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

«Расейскі бок мэтанакіравана апошнія як мінімум паўтара года рыхтуе расейскіх грамадзянаў да сурʼёзнага крызісу ў беларуска-расейскіх адносінах. Таму пэрыядычна зьяўляюцца такія публікацыі. Іх зьмест зьвязаны з тым, што нібыта Лукашэнка зьбіраецца адарваць Беларусь ад Расеі і разьвярнуць яе да Захаду і распачаць такі „сыход на Захад“, як гэта модна казаць у некаторых расейскіх экспэртных колах.

Такія ўкіды — частка кампаніі па дэзынфармацыі і дыскрэдытацыі Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі ў вачах грамадзянаў Расеі. І яны могуць ускосна служыць сьведчаньнем таго, што гэта такая падрыхтоўка да магчымага канфлікту. Мы бачым, што Расея ўсё мацней ажыцьцяўляе ціск на Беларусь і на беларускае кіраўніцтва, і гэты ціск мае комплексны характар. Гэта ня толькі гандлёвыя войны і энэргетычны канфлікт, але гэта вайскова-палітычны і інфармацыйны ціск. А цяпер дадаецца яшчэ і памежны крызіс, калі Расея ў аднабаковым рэжыме прыняла рашэньне ўсталяваць паўнавартасны памежны кантроль зь Беларусьсю. Але як гэта ўсё падаецца ў расейскіх мэдыях: нібыта спачатку Беларусь нешта такое робіць, на што расейскі бок вымушаны рэагаваць такім чынам.

Мы бачым, што ідзе кампанія па дэзынфармацыі, і гэта робіцца адмыслова. Ідзе падрыхтоўка расейскіх грамадзян да магчымага крызісу ў адносінах зь Беларусьсю».

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што пакуль няма такой магчымасьці, каб Беларусь выйшла з інтэграцыйных праектаў з Расеяй — «толькі празь нейкі час ці пры зусім дрэнных адносінах».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Трэба мець на ўвазе, якія СМІ робяць такія заявы. Regnum — гэта абсалютна правакацыйны сайт. Нічога дзіўнага няма. Мы ж ведаем, якія там аўтары. Гэта абсалютна чакана на тле тых супярэчнасьцяў, якія цяпер існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй. Пэўныя сілы спрабуюць справакаваць яшчэ горшы канфлікт такім вось чынам».

Паводле Андрэя Фёдарава, у ЭАЭС застаюцца значныя супярэчнасьці, і гэтае ўтварэньне мала што дае Беларусі, партнэры не выконваюць ускладзеных на сябе абавязкаў.

«Але ўсё роўна афіцыйны Менск ня будзе правакаваць Маскву падобнымі дзеяньнямі і нават такімі заявамі. І тое, што беларускі амбасадар абверг гэтую інфармацыю, — гэта цалкам зразумела».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG