Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі 44 тысячы грамадзян, а апраўдалі толькі 83-х. «Фактычна нічога істотнага з савецкіх часоў не адбылося», — экспэрт


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Вярхоўны суд апублікаваў на сваім сайце судовую статыстыку, у тым ліку дадзеныя пра колькасьць асуджаных і апраўданых у 2016 годзе. Усяго за год было асуджана 44 700 чалавек, а апраўдана ў судах усіх інстанцыяў 83 чалавекі, гэта меней за 0,2%. Праўда, значна болей тых, чые справы суды спынілі яшчэ ў першай інстанцыі альбо праз апэляцыю. Такіх 1494, альбо больш за 3% ад колькасьці асуджаных.

Паводле статыстычных дадзеных пра дзейнасьць судоў, у 2016 годзе былі пазбаўлены волі больш за 13 тысяч чалавек, прысуджаныя да абмежаваньня волі больш за 8 тысяч.

Сярод асуджаных найбольшую групу складаюць тыя, хто пакараны за злачынствы супроць уласнасьці. Іх больш за 17 тысяч, прычым зь іх 16 тысяч асуджаныя за рабунак.

Другі радок па колькасьці займаюць тыя, хто ўчыніў злачынства супроць правасудзьдзя — больш за 4 тысячы.

На трэцім радку злачынцы, якія былі зьвязаныя з наркотыкамі — гэтых больш за 3,5 тысячы.

За мінулы год беларусы сплацілі больш за 222 тысячы адміністрацыйных штрафаў. Гэта значыць, што амаль кожнага 50-га грамадзяніна за нешта штрафавалі.

Як ацэньваюць паказчык апраўдальных прысудаў адмыслоўцы?

Камэнтар былога судзьдзі, праваабаронцы Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы:

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

«Статыстыка зноў сьведчыць, што працэнт апраўдальных прысудаў у нас мізэрны. Бывала раней, што лічба падымалася да 0,3%, а цяпер і гэтага няма.

Праўда, трэба дадаць некаторыя справы — іх з агульнай колькасьці ня вылучыш — гэта справы, спыненыя судамі праз апэляцыю. Там могуць быць справы, калі людзі падпалі пад амністыю і справу адносна іх спынілі.

Могуць быць і прысуды, якія адмененыя і справы спыненыя ў сувязі з адсутнасьцю альбо доказаў, альбо складу злачынства. Па сутнасьці, гэта таксама апраўдальны мэханізм, толькі гэта зроблена судамі апэляцыйнай і касацыйнай інстанцыі. Таму рэальна апраўдваюць крыху больш, чым 83 на 44 тысячы асуджаных.

Але ўсё роўна трэба сказаць, што абвінаваўчы ўхіл у сыстэме крымінальнай юстыцыі застаецца. Фактычна нічога істотнага з савецкіх часоў у нас тут не адбылося, нават у пэўным сэнсе суды сталі яшчэ больш залежнымі ад выканаўчай улады.

Між тым без выкананьня прынцыпу незалежнасьці судоў, які неабходны для абʼектыўнага разгляду спраў, апраўдальных прысудаў будзе надзвычай мала. Гэта мы і назіраем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG