Міліцыянты загадалі супрацоўніку «Гараўтамоста» зьняць плякаты ўдзельнікаў флэшмобу супраць бязглуздых падаткаў са сьцяны падземнага пераходу ў Менску на плошчы Якуба Коласа.
З гэтай прычыны сябры грамадзкага абʼяднаньня «Альтэрнатыва» вымушаныя былі згарнуць свой флэшмоб, які цягнуўся больш за гадзіну.
Супрацоўнік міліцыі таксама перапісаў дадзеныя актывістаў і журналістаў, сфатаграфаваў вывешаныя плякаты, таксама вяліся апэратыўныя відэаздымкі.
«Ужо блякуюць, то і мы будзем завяршаць», — сказаў лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан.
Спачатку супрацоўнікі міліцыі пацікавіліся, ці маюць актывісты дазвол на правядзеньне акцыі.
«Дазволу ў нас няма, ён і не патрэбны, я лічу, і не было на гэта часу. А потым, улады нам і не далі б дазволу. Але мы тут нікому не замінаем», — сказаў лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан.
Удзельнікі флэшмобу вывесілі на сьцяне пешаходнага пераходу плякаты з надпісам пра новыя магчымыя бязглуздыя падаткі, апроч падатку на дармаедзтва — «Падатак на лішнія кіляграмы», «Падатак на сонца і сьнег», «Падатак на паветра», «Падатак на інтэрнэт», «Падатак на яйкі». Удзельнікі акцыі цікавіліся ў мінакоў, як тыя ставяцца да гэтых падаткаў.
Мэты акцыі Алег Корбан патлумачыў так:
«Мы паказваем палітыку ўладаў. Замест рэформаў яны прыдумляюць новыя падаткі для людзей, адчуваючы фінансавы крызіс. Мы вырашылі зладзіць флэшмоб, каб паказаць, што калі мы будзем маўчаць, то такія „падаткі“ стануць рэальнасьцю. Трэба, каб улады ладзілі рэформы. Інакш і падатак на яйкі стане рэальнасьцю».
Людзі ахвотна выказваліся. Бальшыня была супраць падатку на дармаедзтва, некаторыя яго падтрымлівалі.
Акцыя прайшла без затрыманьняў.