У Полацку прайшла прэзэнтацыя кнігі барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы...», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.
Зборнік нарысаў (гісторыяў, пачутых журналістам падчас вандровак па Беларусі) нарадзіўся з цыклю «Падарожжы Свабоды» — працягу перадачы «Палітычная геаграфія».
35 аповедаў пра лёс звычайных беларусаў зьмясьціліся пад адной вокладкай, і цяпер кніга вандруе разам з аўтарам у тых мясьцінах, дзе ён пабываў ці яшчэ пабывае. Бо, паводле Зьмітра Бартосіка, падарожжа па Беларусі, пакуль ня вывучанай дасьледнікамі найноўшай гісторыі, «яшчэ толькі пачынаецца».