Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тысяч дзьвесьце наезьдзіў па Беларусі», — Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў сваю кнігу ў Берасьці


Зьміцер Бартосік у грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці
Зьміцер Бартосік у грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці

Аўтар перадачы «Падарожжы Свабоды» прывёз сваю кнігу ў Берасьце.

Прэзэнтацыя кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...» Зьмітра Бартосіка адбылася ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі ў гонар сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя.

Берасьцейскія грэка-каталікі на сустрэчы са Зьмітром Бартосікам
Берасьцейскія грэка-каталікі на сустрэчы са Зьмітром Бартосікам

Кніга Бартосіка напісаная ў выніку ягоных падарожжаў па краіне, аднак аўтар кажа, што гэта ня проста зборнік рэпартажаў, але перапрацаваныя тэксты:

«Рэпартаж — гэта ўсё-такі пытаньне і адказ, так і на сайце стаіць. У кнізе ж няма маіх пытаньняў, больш дададзена туды разважаньняў, з адказаў людзей зрабіў такія міні-маналёгі. Карацей, кніга стала больш падобнай да кнігі, а не да зборніку радыёперадач».

Зьміцер Бартосік, кажа, што рэдагаваў яго кнігу Сяргей Дубавец:

«Я трапіў у рукі Дубаўца і жывым не сышоў», — жартуе аўтар і кажа, што перапрацоўка тэкстаў радыёперадач заняла больш за паўгода.

Зьбіраючы матэрыял для перадачы «Падарожжы Свабоды», Зьміцер Бартосік наезьдзіў ужо сотні тысяч кілямэтраў. Але кажа, што ёсьць яшчэ мясьціны, дзе хоча пабываць:

«Тысяч дзьвесьце дакладна наезьдзіў па Беларусі. А наконт таго, дзе б яшчэ пабываць — дык толькі ж яшчэ пачынаецца ўсё! Мясьцінаў шмат, і Беларусь не сканчаецца. У мяне іншая бяда — што адыходзяць сьведкі самых страшных часоў. Таму што гаварыць зь сялянамі, якія памятаюць 60-я гады, ня так цікава, як паслухаць тых, хто памятае 40-я, ці, скажам, 30-я».

У часе творчай сустрэчы са Зьмітром Бартосікам прысутныя паслухалі вытрымкі зь ягонай кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...» і, вядома ж, паслухалі песьні вядомага барда.

Усім прысутным Зьміцер Бартосік падпісаў сваю кнігу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG