Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў сваю новую кнігу ў Гомелі


Прэзэнтацыя кнігі ў бібліятэцы ЦНТІ
Прэзэнтацыя кнігі ў бібліятэцы ЦНТІ

Знаёміцца зь Беларусьсю і беларускай мовай журналіст і бард Зьміцер Бартосік пачаў 31 сьнежня 1978 году менавіта ў Гомелі. Сюды ён прыехаў з бацькамі зь Ніжняга Ноўгараду — тыя ўладкаваліся на працу ў абласны драмтэатар. Амаль праз трыццаць восем гадоў, 29 лістапада 2016 году, Зьміцер прэзэнтаваў у горадзе над Сожам сваю кнігу на беларускай мове «Быў у пана верабейка гаварушчы...».

«Падарожыць цікавей, чым марыць»

Прэзэнтацыя адбылася ў бібліятэцы Гомельскага цэнтру навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі. Удзельнікамі яе сталі найперш слухачы курсаў «Мова нанова», а таксама знаёмыя і сябры Зьмітра, у тым ліку і акторы драматычнага тэатру.

Бартосік распавёў, што ў аснову кнігі пакладзеныя ягоныя вандроўкі, якія, паводле трапнага выразу пісьменьніка Ўладзімера Арлова, «адкрываюць нам Беларусь, схаваную за афіцыйным фасадам».

«Я накруціў па краіне тысяч сто кілямэтраў, — сказаў аўтар. — Але не пакідае ўражаньне, што падарожжа толькі пачынаецца. Як быццам спрабуеш дасягнуць далягляду. Ці праехаць пад вясёлкай».

«Быў у пана верабейка гаварушчы...»

Назва кнігі паходзіць з аднайменнага амаль фантастычнага аповеду Ганны Дуды зь вёскі Дзямідаў Нараўлянскага раёну пра папугайчыка, якому панскія слугі адпомсьцілі за лішнюю гаварлівасьць. Бартосік патлумачыў, што такую назву кнізе параіў даць яе рэдактар Сяргей Дубавец — чырвонай асадкай ён «спапяліў» багата чаго, каб падарожжы набылі выгляд кнігі.

Згадваецца ў кнізе пра лёс немцаў зь вёскі Анзэльмаўка (цяпер — Роза Люксэмбург) Ельскага раёну, пра жыхароў Дубліна Брагінскага раёну, якія ў вайну пабачылі Нямеччыну і дзіву даваліся, чаго тым немцам бракавала, што яны пайшлі вайною на ўсход.

У вёсцы Хальч Веткаўскага раёну мясцовы філёзаф Емяльлян Бабкоў патлумачыў аўтару, што людзі дзеляцца на чатыры катэгорыі: разумны, пісьменны, хітры і просты. А габрэяў назвалі жыдамі таму, бо яны праз ганеньні ўвесь час выжывалі, жыць хацелі. «Жыць», лічыць народны этымоляг, перавярнулі на «жыд».

Гэта толькі паасобныя згадкі з трыццаці пяці падарожжаў Бартосіка ў розныя куткі Беларусі, якія і склалі аснову ягонай беларускамоўнай кнігі.

«Прыдалася не геамэтрыя, а найперш беларуская мова»

«З усіх школьных прадметаў, — тлумачыў Зьміцер, — у жыцьці мне прыдалася найперш беларуская мова. Не геамэтрыя, матэматыка ці хімія, а менавіта мова».

Знаёмства з нашай моваю ў Бартосіка пачалося ў Гомелі з ранішніх выпускаў навінаў Беларускага радыё.

З гітарай Зьміцер Бартосік нідзе не разлучаецца
З гітарай Зьміцер Бартосік нідзе не разлучаецца

«Мы паўгода жылі з бацькамі ў гатэлі „Гомель“. І я беларускую мову ўпершыню пачуў, на жаль, не на вуліцах Гомеля, а праз рэпрадуктар. Вельмі часта навіны пачыналіся са слова „ўгнаеньні“. Мне ўяўлялася, што гэта нейкі такі стратэгічны прадукт ці нават нацыянальны гонар гэтага краю. І ўжо калі падрос, то напісаў пра гэта песьню.

Не патрапляў мне на шляху
Ні Рым, ні той жа Менск.
Адзіны горад, дзе бываў,
Мой порт жыцьця, — Чачэрск.
Калгас наш „Радасьць Ільіча“
Ня сеяў трэці год,
Зато па ўгнаеньнях мы
Ўжо вырвалісь ўпярод».

Сустрэча з жывою беларускаю моваю ў Зьмітра здарылася 1 верасьня 1979 году, калі ў іхную чацьвёртую клясу паступіў навічок, Валера Кажэўнікаў, бацькі якога пераехалі на «Гомсельмаш» зь блізкае вёскі Насовічы. І, як заявіў Зьміцер, ужо тады ён адчуў, што «беларуская мова — несавецкая». У падарожжах мова стала як пароль, які «збліжае і дапамагае прачыніць душы».

Да аўтара па аўтограф
Да аўтара па аўтограф

На вечары сустрэчы з «новамоўцамі» — а гэта інжынэры, юрысты, рабочыя і нават беспрацоўныя — Бартосік падпісаў ахвочым некалькі дзясяткаў асобнікаў кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...», якая выйшла пяцьдзесят дзявятай па ліку ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». А яшчэ гамельчукі змаглі набыць дыск зь песьнямі Зьмітра Бартосіка «Дарога на Вільню».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG