Ганна Соўсь: Сто гадоў таму адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя ці Кастрычніцкі пераварот, які кардынальна зьмяніў лёсы многіх пакаленьняў розных народаў. Як вы лічыце, ці ёсьць заканамернасьць у тым, што такога кшталту глябальныя зьмены адбыліся менавіта ў Расеі, хоць у выніку закранулі многія народы...
Расея была адсталая краіна, і таму на яе вучэньне марксізму «лягло» так добра, што ў цэлым не разабраўшыся, сталі яго ўкараняць
Уладзімір Войнавіч: Па-першае, гэта была менавіта рэвалюцыя, а не пераварот. Хаця нам і непрыемная гэтая назва, але гэта быў не пераварот, а рэвалюцыя, якая перавярнула ня толькі Расею, але і ўвесь сьвет. Адных уцягнула ў сваю арбіту, а другіх прымусіла насьцярожыцца, адны захапляліся камунізмам, а другія змагаліся зь ім. Без перабольшаньня быў уцягнуты ўвесь сьвет. Тое, што ў Расеі, гэта часткова заканамерна. У Расеі бурлілі жарсьці — спозьненае вызваленьне сялян ды іншае... Было шмат прычынаў для незадаволенасьці ўладай. Акрамя таго Расея была адсталая краіна, і таму на яе вучэньне марксізму «лягло» так добра, што ў цэлым не разабраўшыся, сталі яго ўкараняць. На Захадзе гэтае вучэньне захапіла вельмі многіх, але ўсё ж Захад быў больш сьпелым грамадзтвам, і таму знайшліся, як кажуць, супрацьвагі. Таму, калі марксісцкае вучэньне пачало разьвівацца, Расея была да гэтага вельмі «падрыхтаваная».
Соўсь: Як вы лічыце, якія чалавечыя характары спарадзіла рэвалюцыя? Як бы вы як пісьменьнік апісалі чалавека савецкага?
Рэвалюцыя ўскалыхнула і падняла наверх увесь бруд
Войнавіч: Ідэі рэвалюцыі прыцягнулі да сябе вельмі шмат рамантыкаў, у прынцыпе добрых людзей, якія сапраўды хацелі дабра. Але, напэўна, усе рэвалюцыі залучаюць вельмі шмат іншых элемэнтаў — авантурыстаў, жорсткіх людзей, бандытаў, людзей, якія дзеля дасягненьня сваёй мэты гатовыя на ўсё. Рэвалюцыя ўскалыхнула і падняла наверх увесь бруд. У выніку ў Расеі, а потым у СССР стварылася сіла, якія прыцягнула да сябе найбольш гнусныя элемэнты, людзей жорсткіх, гатовых данасіць, якія сьцьвярджалі сваю вернасьць ідэям камунізму і ідэям створнай дзяржавы. Іх заахвочвалі за жорсткасьць, за барацьбу з так званымі ворагамі рэвалюцыі, за тое, што былі гатовыя данасіць на каго заўгодна, ствараць атмасфэру звышпільнасьці. Увесь час шукалі шпіёнаў. Спачатку баяліся пранікненьня розных агентаў, а потым пачыналі гэта выкарыстоўваць, каб абвяшчаць шпіёнамі нявінных людзей і гэтак далей. Стварылася дзяржава, якая заахвочвала ўсе ганебныя жарсьці чалавека.
Соўсь: Як мне здаецца, ваш літаратурны пэрсанаж — салдат Іван Чонкін — найменш савецкі па духу ў сілу сваёй прастаты і жыцьцёвай практычнасьці. Магчыма, і нават антысавецкі...
Войнавіч: Чонкін — не антысавецкі пэрсанаж, ён проста ніякі. Савецкага чалавека ўлада заклікала, як пісаў Багрыцкі, «калі скажуць схлусі — схлусі, калі скажуць забі — забі». Такая сыстэма і стварылася. А Чонкін гэтаму працівіўся. Проста яго натура была такая, ён ня мог хлусіць, але сказаць, што ён быў сьвядома антысавецкі, нельга.
Соўсь: Якія творы літаратуры вы б параілі маладому пакаленьню, каб усьвядоміць, што такое савецкая імпэрыя, якое зло яна несла?
Войнавіч: «Архіпэлаг ГУЛАГ» найперш, апавяданьні Шаламава, «Белую гвардыю» Булгакава, «Ціхі Дон», але з тлумачэньнем, што гэта напісаў не Шолахаў.
Соўсь: Я бы ў гэты сьпіс уключыла і вашы творы.
Войнавіч: Я ня маю права, а вы можаце.
Соўсь: Я лічу, што вы як пісьменьнік, як дысыдэнт унесьлі свой унёсак у разбурэньне СССР, вы прымусілі людзей сьмяяцца з сыстэмы. Як вы лічыце, чаго больш баяцца аўтарытарныя лідэры, такія як Лукашэнка ці Пуцін — паказацца сьмешным або паказацца слабым?
Войнавіч: І тое, і тое. Але паказацца сьмешным усё ж найбольш «забівае», таму што са сьмешым цяжэй змагацца, чым зь іншым. Калі будзе сьмешна, то людзі будуць сьмяяцца, і іх не прымусіш не сьмяяцца. Я перакананы, што калі нешта сьмешнае напісана пра Лукашэнку, то тыя ж самыя блізкія да яго людзі, калі гэта чытаюць, спадзеючыся, што іх ніхто ня бачыць і ня чуе, сьмяюцца. Праз сьмешнае, як празь ні пра што іншае, паказваюцца ўсе недахопы чалавека, правадыра, яго сыстэмы і сытуацыі ў краіне.
Соўсь: Уладзімер Мікалаевіч, чаго пазбавіла вас, вашых бацькоў, вашых продкаў Кастрычніцкая рэвалюцыя?
Кастрычніцкая рэвалюцыя пазбавіла майго бацьку свабоды
Войнавіч: Кастрычніцкая рэвалюцыя пазбавіла майго бацьку свабоды. Хаця ён быў у складзе партыі, пасьля таго, як адсядзеў у турме, казаў, што яго слушна пакаралі, таму што ён быў удзельнікам злачыннай арганізацыі ВКП (б), якая стала потым КПСС. Справа ў тым, што рэвалюцыя ўцягвала чыстых людзей, а потым яны асэнсоўвалі, які гэта жах. Акрамя іншага рэвалюцыя пазбавіла нармальнага разьвіцьця. Рэвалюцыя — гэта велізарны працэс абалваньваньня. Дагэтуль людзі проста думаюць такія рэчы, якія здаровы розум не прымае. Але здаровы розум не трыюмфуе. Гэта дзікунства, калі расейскія людзі кажуць, што ва ўсіх іх бедах вінаваты прэзыдэнт Абама, калі гучаць лёзунгі «Рукі прэч ад маёй пэнсіі», «Ніколі мы не жылі так дрэнна як пры Абаме»... Цяперашнія ўяўленьні пра тое, што нейкія замежныя сілы робяць ім дрэнна — гэта як у 30-х гадах мільёны людзей былі перакананыя, што нейкія ворагі атручваюць калодзежы. А насамрэч атручвалі іх душы, самі сабе атручвалі душы.
Соўсь: Ёсьць пэўная магія дат. Праз 100 гадоў пасьля кастрычніка 1917-га якія рэвалюцыі або перавароты чакаюць сьвет? У Расеі, у Эўропе, у ЗША, дзе вы цяпер знаходзіцеся?
Войнавіч: У ЗША зараз нешта падобнае на чаканьне перавароту ў сувязі з абраньнем прэзыдэнта, не пажаданага палове насельніцтва. Я думаю, што ў ЗША вельмі шмат супрацьвагаў, стрымліваючых інстытутаў, калі чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе, зьвязаны па руках і нагах і нічога экстраардынарнага зрабіць ня можа. А ў Расеі нешта надыходзіць, ня ведаю, што менавіта, таму што ўвесь час нельга абалваньваць, казаць пра ідэі Наваросіі і што ва ўсім вінаватыя нашы ворагі, фашыстоўская хунта ў Кіеве, і ўвесь сьвет нас ненавідзіць. А за што ненавідзіць? У сьвета павінна быць прычына, каб ненавідзець. А яны нас ненавідзяць проста так.... Усе гэта прывядзе да таго, што праз некаторы час у Расеі пачнецца, як заўсёды, новы тып перабудовы і гэта ў нешта выльецца...