Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму настойвае, што вэтэран вайны, актывіст БНФ Фелікс Шкірманкоў даваў згоду на дактыляскапію супрацоўніку Слаўгарадзкага аддзелу міліцыі. Але калі да яго прыйшлі міліцыянты, то ад гэтай працэдуры ён адмовіўся.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным камэнтары абласнога міліцэйскага ведамства на матэрыял, апублікаваны на сайце беларускай службы Радыё Свабода пад загалоўкам «Вэтэран вайны, актывіст БНФ Фелікс Шкірманкоў адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў»
«Варта адзначыць, што аб неабходнасьці абавязковага дактыляскапіраваньня супрацоўнік РАУС апавясьціў Фэлікса Шкірманкова яшчэ 19 студзеня 2017 году, атрымаўшы яго згоду, — гаворыцца на сайце абласнога ўпраўленьня міліцыі. — Разам з тым 20 студзеня, калі па месцы жыхарства апошняга наведаліся ўчастковы інспэктар міліцыі РАУС і экспэрт тэрытарыяльнага падразьдзяленьня ДКСЭ Рэспублікі Беларусь, пэнсіянэр ад дактыляскапіраваньня адмовіўся».
«Такім чынам, інфармацыя, распаўсюджаная ў Інтэрнэце пра тое, што Шкірманкоў ня ведаў прычын прапановы яму праходжаньня супрацоўнікамі дактыляскапіравання, не адпавядае рэчаіснасьці», — заяўлена ў афіцыйным камэнтары адносна публікацыі Радыё Свабода.
У камэнтары гаворыцца, што Фелікс Шкірманкоў праходзіць як падазраваны ў крымінальнай справе, распачатай па факце дарожна-транспартнага здарэньня.
«Паводле існуючай інфармацыі, у лістападзе 2016 году ў Слаўгарадзе ў выніку наезду аўтамабіля на мясцовую жыхарку, якая кіравала роварам, былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Кіроўца аўтамашыны, на якой было ўчынена ДТЗ, зь месца здарэньня ўцёк, пакінуўшы пацярпелую ў небясьпецы», — піша ўпраўленьне ўнутраных спраў.
Фелікс Шкірманкоў ня ўтойвае, што ён фігурант крымінальнай справы, па якой цяпер вядзецца сьледзтва. Пры гэтым дзевяностагадовы пэнсіянэр катэгарычна не пагаджаецца, што яго загадзя папярэджвалі пра візыт міліцыянтаў, якія меліся ўзяць у яго адбіткі пальцаў.
У афіцыйным камэнтары спасылаюцца на закон «Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі», дзеяньне якога распаўсюджваюцца на «грамадзян, якія падазраюцца ва ўчыненьні злачынства незалежна ад узросту і статусу».
«Фелікс Шкірманкоў будзе падвергнуты дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі ў абавязковым парадку», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары на публікацыю Свабоды.