Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню выдалілі жоўцевы пухір і зьмясьцілі ў ШЫЗА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сваякі палітычнага вязьня Дзяніса Сальмановіча занепаколеныя ягоным здароўем.

У віцебскай калёніі палітвязьня Дзяніса Сальмановіча зьмясьцілі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) праз тыдзень пасьля апэрацыі па выдаленьні жаўцяка.

Паводле маці асуджанага, гэта адбылося адразу пасьля званка сына дамоў, паведамляе «Медиазона».

Маці палітвязьня кажа, што апошні раз Дзяніс выходзіў зь ёю на сувязь у сярэдзіне лістапада. Пасьля званка яго адразу ж забралі ў ШЫЗА, дзе ён знаходзіцца да гэтага часу. Па словах маці, Дзяніса Сальмановіча і раней неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, але заўсёды ня больш як на 14 дзён.

«На мае пытаньні кіраўніцтва адказваць адмаўляецца, і ўвогуле сказалі, што такога ў іх няма, а я ведаю дакладна, што ён у ШЫЗА», — распавяла маці палітвязьня.

Дзяніса Сальмановіча затрымалі ў кастрычніку 2021 года і праз год асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Паводле «Вясны», сілавікі называлі Дзяніса «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібэрпартызанаў» і «Супраціву». Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з ч. 2 артыкулу 290-4 («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»).

Прысуд Дзянісу Сальмановічу выносіў судзьдзя Андрэй Лешчанка.

Дзянісу Сальмановічу 34 гады. Ён жыў у Менску, паводле матэрыялаў суду, браў удзел у пратэстах у сталіцы, аднак судзілі мужчыну ў Берасьцейскім абласным судзе. Два гады таму Дзяніса Сальмановіча перавялі ў ПК-3 у Віцьбе.

«Спалі на бэтоннай падлозе»

Вядома, што ў дзяцінстве Дзяніс Сальмановіч шмат хварэў і дагэтуль мае слабое здароўе. Паводле сваякоў, калі сілавікі прыйшлі арыштоўваць Дзяніса, ён ляжаў з тэмпэратурай, бо хварэў на каранавірус. Нейкі час яго трымалі на Акрэсьціна, потым перавялі ў менскае СІЗА на Валадарскага. Маці палітвязьня ўспамінала першыя дні арышту сына:

«Пасьля затрыманьня мы шукалі сына яшчэ два дні. На трэція суткі на Акрэсьціна нам расказалі, што сын там, і нават узялі лекі ад ковіду. Але пазьней мы дазналіся, што нічога яму не перадалі. Я даведалася, што ў вязьняў забралі абутак і цёплае адзеньне, і так практычна басанож яны стаялі на бэтоннай падлозе. На жалезных нарах ляжаць было невыносна. А яны ўсе былі хворыя, з тэмпэратурай. І вось яны клаліся ўсе на гэтую бэтонную падлогу, а ў цэнтар клалі таго, каму было горш за ўсіх, каб сагрэць яго. Калі яны прасілі лекі, пару разоў ім маглі кінуць цытрамон», — апавядала маці Дзяніса Сальмановіча пра ягонае знаходжаньне на Акрэсьціна.

Пра ўтрыманьне сына на «Валадарцы» зьвестак было няшмат.

«Дзяніс сядзіць у падвальным памяшканьні з маленькім акенцам, на 25 квадратных мэтраў прыпадае 24 чалавекі, палова зь іх палітычныя. Там бракуе паветра. Я ведаю, што яны падтрымліваюць адзін аднаго, дзеляцца перадачамі, адзеньнем, лекамі. Цяпер, зьбіраючы перадачу, мы ўжо разьлічваем, што яна для ўсіх. Нашы дзеці сядзяць у такіх нечалавечых умовах — за што?» — казала маці палітвязьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG