Вядомы актывіст БНФ, вэтэран Айчыннай вайны са Слаўгарадзкага раёну Фелікс Шкірманкоў адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў рук.
Раніцай 20 студзеня ў дом да Фелікса Шкірманкова ў Слаўгарадзе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі яму здаць адбіткі.
«Мне не патлумачылі, навошта ім патрэбны мае адбіткі, што здарылася. У выніку я адмовіўся. На гэта міліцыянты сказалі гэтак: ня хочаце тут здаваць, будзеце да нас прыходзіць. Сабраліся і пайшлі. А я цяпер высьвятляю, навошта гэта было патрэбна», — паведаміў Фелікс Шкірманкоў.
У 2016 годзе вэтэрану Айчыннай вайны Феліксу Шкірманкову споўнілася 90 гадоў. Фелікс Шкірманкоў працягвае актыўную грамадзкую дзейнасьць у складзе Слаўгарадзкай раённай арганізацыі БНФ і мясцовай суполкі ТБМ, зьяўляецца сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
У Беларусі міліцыянты пачалі масава зьбіраць адбіткі пальцаў у мужчын пасьля тэракту, які адбыўся падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў ліпені 2008 году на сталічным праспэкце Пераможцаў. Паводле сьледзтва, менавіта адбіткі пальцаў дапамаглі хутка выявіць і затрымаць вінаватых у выбуху ў менскім мэтро, які адбыўся ў красавіку 2011 году. Паводле крыніц, у Беларусі праваахоўнікамі створаная база дадзеных на ўсіх мужчын прызыўнога ўзросту, у тым ліку сабраныя іх адбіткі пальцаў.